Да Года малой Радзімы

Клуб майстроў «Каляровая альтанка», што існуе пры Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў з 2012 года, аб’ядноўвае творчых людзей рознага ўзросту і розных напрамкаў мастацкай дзейнасці. За той час, які існуе аб’яднанне ў калектыве склаліся цёплыя, сяброўскія адносіны. На творчых гасцёўнях клуба арганізуюцца выстаўкі, ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, адзначаюцца юбілеі і святы.

Сустрэча з сябрамі – найлепшы варыянт, як правесці выхадны дзень. Цыкл творчых сустрэч “З сямейнага куфэрка“, прысвечаны Году малой Радзімы, распачаўся з наведвання самых актыўных удзельнікаў аб’яднання майстроў Піразевых, якія жывуць у в. Навасады. Алена і Валянцін гасцінна сустракалі сяброў на сваёй сядзібе “Залатая падкова”.  Сонечныя, напоўненыя жыццём лікі святых на абразах, вышытыя і намалёваныя пейзажы і кветкі, набіўныя дываны, вітражы, кованыя ружы і лілеі, альтанкі ў суквецці зелені — усё зроблена працавітымі рукамі таленавітых гаспадароў. Госці наведалі самыя прыгожыя куточкі сядзібы, пазнаёміліся з апошнімі работамі Алены і Валянціна, пакаштавалі фірменыя салаты і смачных печаных яблыкаў. Алена Міхайлаўна кранула душу кожнага з гасцей сваімі шчырымі лірычнымі вершамі пра Радзіму, каханне і лёс, у якіх кожны мімаволі адшукваў радкі і вобразы, сугучныя сваім уласным думкам.

Другая сустрэча майстроў адбылася ў вёсцы Купіск з самадзейным мастаком Віктарам Залаціліным. Мастак нядаўна страціў свайго сябра — вернага сабаку Вольфа. Але побач з ім зараз другі маленькі Вольф, клопат пра якога дапамагае сцішыць боль. З ім і сустрэў гаспадар гасцей.

З вялікім поспехам прайшоў прагляд карцін. Пра кожны сюжэт было што расказаць мастаку, а гасцям было што паслухаць і паглядзець. Карціны з любімымі мясцінамі роднага Купіску нібы напоўнены паветрам, настроем і светам. Кожны ўбачыў на палотнах куточкі сваіх вёсачак. Віктар Мікалаевіч не толькі малюе, але і добра ведае гісторыю сваёй вёскі, чым з ахвотай падзяліўся з прысутнымі. На развітанне майстры “Каляровай альтанкі” падарылі Віктару Мікалаевічу выцінанку “Дрэва жыцця і любові”, упрыгожаную шчырымі і сардэчнымі пажаданнямі.

 

 

Дырэктар РЦР,

кіраўнік клуба майстроў

Клімко Н.А.

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий