«Матуліна Пяшчота».

Лялька — самая старажытная і найбольш папулярная цацка. Яна абавязковы спадарожнік дзіцячых гульняў і самы даступны для дзяцей твор мастацтва. Лялька з’явілася тады, калі чалавек навучыўся ляпіць з гліны, выразаць з дрэва, высякаць з каменя.
У нашы дні прамысловая вытворчасць лялек дасягнула неверагоднага развіцця і стала неад’емнай часткай нашага жыцця.


Але лялькі зробленыя сваімі рукамі працягваюць заставацца самымі унікальнымі і прыцягальнымі. Характар, самабытнасць, нацыянальныя рысы, традыцыі — ўсё ўвасобіла ў сваім вобразе прыгажуня.
Выраб лялек – захапляльнае і карыснае майстэрства, якое вельмі падабаецца і аб’ядноўвае дзяцей і дарослых.
22 чэрвеня ў Навагрудскім раённым Цэнтры рамёстваў адкрылася выстава лялек «Матуліна Пяшчота».
На выставе прадстаўлена калекцыя лялек ручной работы Крако Вольгі. Оля нарадзілася ў горадзе Светлым, Калінінградскай вобл. З дзяцінства любіла рукадзельнічаць. Пры школе з задавальненнем наведвала гурткі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, дзе займалася аплікацыяй соломкой і шыла мяккія цацкі.
Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, паступіла ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча на аддзяленне пашыву лёгкага жаночага адзення. У родным горадзе Светлым пазнаёмілася з будучым мужам Навагрудчанінам Сяргеем, а ў 2004 годзе маладая сям’я пераехала ў Наваградак.
Оля шчаслівая мама дзвюх дачок — Вікторыі і Ксеніі. Калі малодшай дачцэ Ксеніі было 5 гадоў, захацелася самой зрабіць ёй падарунак. Так была пашыта першая лялька, якая зараз захоўваецца ў хатняй калекцыі. Майстраваць самой вельмі спадабалася, ды і дачка падарунку маці была вельмі рада . Вольга стала шукаць выкрайкі лялек па інтэрнэце. Вучылася ў школе Наталлі Мукаўнінай па пашыве лялек «Тыльда».
Аднойчы на свяце ўбачыла выставу Раённага Цэнтра рамёстваў і захацела асвоіць тэхніку ласкутнага шыцця. Так Оля патрапіла на курсы ў РЦР да Анікевіч Іны, дзе з поспехам навучылася шыць коўдры з лапікаў, а заадно і удасканаліла свае пазнання па пашыве лялек у майстрыхі Шульга Алены. З 2015года Вольга пашыла больш за 50 відаў тэкстыльных лялек. Гэта лялькі — «Снежкі», «Тыльды», «Бальшаножкі», «Тыквагалоўкі», «Тэдзі», мяккія цацкі. Такім падарункам рады не толькі дочкі, але ўсё знаёмыя і сябры сям’і.
Для выставы «Матуліна пяшчота» Вольга Крако змайстравала 17 новых лялек. Яны складаюць галоўную частку выставы сучасных лялек ручной работы (Hаndmadе). У планах майстрыхі асвоіць новыя сучасныя і традыцыйныя тэхналогіі вырабу цацак .
Выставу дапаўняюць лялькі майстроў Цэнтра рамёстваў Шульга Алены, Юшкевіч Вольгі, Сіневіч Кацярыны.
Самымі галоўнымі наведвальнікамі прэзентацыі былі дзеці з дзіцячага садка №4. Яны пазнаёміліся з аўтарамі выставы і з задавальненннем паудзельнічалі ў майстар-класах па вырабу розных лялек.
Выстава “Матуліна пяшчота працуе да 14 ліпеня. Запрашаем наведаць!

Дырэктар РЦР    Н.Клімко

Презентация Microsoft PowerPoint

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий