Областной семинар директоров районных Центров культуры и народного творчества прошел на Новогрудчине

З мэтай абмену вопытам
Напрыканцы мінулага тыдня на базе Навагрудскага раёна прайшоў абласны семінар дырэктараў раённых Цэнтраў культуры і народнай творчасці, Цэнтраў (Палацаў) культуры раённых цэнтраў, кіраўнікоў аддзелаў метадычнай працы па тэме: «Анімацыя як альтэрнатыўны кірунак культурна-дасугавай дзейнасці. Комплексныя рэкрэацыйныя праграмы ва ўстановах культуры Навагрудскага раёна».

 

Сустрэча пачалася ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Удзельнікаў семінара вітала намеснік старшыні райвыканкама С.М. Каралько, якая расказала аб гісторыі Навагрудчыны і развіцці турызму ў нашым рэгіёне.
Пасля прагляду відэафільма аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.М. Жышко пазнаёміла прысутных з асноўнымі напрамкамі работы ўстаноў культуры раёна. У сваім выступленні Наталля Міхайлаўна адзначыла, што ў апошнія гады для навагрудчан ладзіцца шмат масавых мерапрыемстваў, а падчас экскурсій па знакамітых мясцінах краю актыўна выкарыстоўваюцца анімацыйныя праграмы.
У Навагрудку ўдзельнікі семінара наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом-музей Адама Міцкевіча, алею ліхтароў і Навагрудскі замак, дзе гасцей сустракалі ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клуба «Мэта». Аб традыцыях і папулярызацыі «жывых» рамёстваў расказала дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў Н.А. Клімко з правядзеннем майстар-класа па традыцыйнай навагрудскай выцінанцы-выбіванцы.
Сустрэча працягнулася на возеры Літоўка, дзе ўдзельнікі семінара паглядзелі анімацыйную праграму «На зямлі легендарнай Ліцвінкі», сустрэліся з прадпрымальнікам Сяргеем Ковалем і наведалі яго сядзібу.
З дзейнасцю Шорсаўскага СДК-Цэнтра тэатральнай творчасці госці пазнаёміліся падчас наведвання ўстановы. Тут жа артысты-аматары ўзорнага лялечнага тэатра «Шчарсунок» арганізавалі выстаўку сваіх роставых лялек і таксама паказалі фрагмен аднаго са сваіх спектакляў.
Хлебам-соллю сустракалі ўдзельнікаў семінара работнікі Любчанскага гарадскога Дома культуры. Экскурсія па Любчанскім замку і тэатралізаванае анімацыйнае прадстаўленне «Замак над Неманам» падарылі прысутным шмат незабыўных уражанняў.
Завяршылася сустрэча круглым сталом, падчас якога былі падведзены вынікі семінара. Работнікі культуры Навагрудчыны пачулі шмат станоўчых водгукаў ад гасцей з іншых рэгіёнаў вобласці, якіх уразіла кожная частка мерапрыемства.
– Падобныя сустрэчы дазваляюць не проста прадэманстраваць свае напрацоўкі і дасягненні. Яны з’яўляюцца найбольш эфектыўным спосабам для абмену вопытам у тым ці іншым напрамку дзейнасці, – падкрэсліла Н.М. Жышко і запрасіла калег да больш цеснага супрацоўніцтва.

Тэкст А. ЗАЙКО,
фота В. ПІСАР, «НЖ».

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий