Па галоўнай вуліцы з фотаапаратам. Творчы вечар-прэзентацыя Міхаіла Касабукіна

Адлюстроўваць прыгажосць роднай Навагрудчыны пры дапамогозе фотаапарата – любімае хобі Міхаіла Кір’янавіча Касабукіна, актыўнага удзельніка «народнага» клуба аматараў тэатра «Мудрость Плюс» аддзела метадычнай работы ДУК «Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». У аб’ектыў яго фотаапарата трапляюць самыя розныя падзеі, якія былі раней і якія адбываюцца ў цяпер у Навагрудку. Пры дапамозе фотаздымкаў Міхаіла Кір’янавіча можна пісаць летапіс не толькі нашага горада, але і ўсяго раёна. Фотаапарат ён заўсёды носіць з сабою, куды б ні ішоў.

На мінулым тыдні ў Доме-музеі Адама Міцкевіча прайшоў творчы вечар-прэзентацыя Міхаіла Кір’янавіча Касабукіна, пад назваю «Па вуліцы Міцкевіча з фотаапаратам». Мерапрыемства было прысвечана 975-годдзю са дня аснавання горада Навагрудка і 75 годдзю Гродзенскай вобласці.  На мультымедыйнай прэзентацыі гледачы ўбачылі забудову вуліцы Міцкевіча ў розныя часы. Міхаіл Кір’янавіч сабраў і паказаў на прэзентацыі віды вуліцы ў 50-60 гады і параўнаў з выглядам кожнага з участкаў вуліцы зараз. Прысутныя на мерапрыемстыве з цікаўнасцю слухалі пра лёс многіх адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў, пра тое, што раней знаходзілася на тым ці іншым месцы. Дарэчы, Міхаіл Кір’янавіч Касабукін і сам пражывае на вуліцы Міцкевіча. Здавалася, што пра кожны свой фотаздымак ён можа гаварыць гадзінамі. У яго калекцыі не адна тысяча фотаздымкаў. У аднолькавай ступені Міхаілу Кір’янавічу падабаецца рабіць як панарамныя здымкі горада, так і ўлаўліваць тонкія, незвычайныя моманты з жыцця прыроды, яе прыгажосць у розныя поры года. У кожнай яго рабоце адчуваецца асаблівая рамантыка. Яго фотаздымкі літаральна зачароўваюць.

З Міхаілам Кір’янавічам я пазнаёмілася падчас яго першай фотавыстаўкі ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў 2008 годзе. Першае знаёмства пакінула прыемныя ўражанні пра чалавека, пра яго захапленні. Яго няўрымслівы характар, пазітыў, з якім адносіцца да жыцця мужчына, неабыякавасць да гісторыі роднага краю, горада. Усё гэта падкупае, зараджае. Неаднаразова прыходзілася звяртацца да Міхаіла Кір’янавіча за парадай і ён ніколі не адмаўляе, а дэталёва патлумачыць і падкажа.

Творчы вечар фатографа-аматара, непаўналетняга вязня канцлагера, выдатніка адукацыі, былога выкладчыка гандлёва-эканамічнага тэхнікума М.К. Касабукіна арганізаваны аддзелам метадычнай работы Навагрудскага  раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сумесна з Домам-музеем Адама Міцкевіча.

Шмат цёплых слоў і шчырых пажаданняў у адрас аўтара выказалі арганізатары мерапрыемства, госці, сябры і знаёмыя Міхаіла Кір’янавіча.

 

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий