“Паклон сялу і людзям, якія ў ім жывуць”. Свята вёскі Гнесічы адсвяткавалі у мінулую суботу

Свята вёскі — заўсёды асаблівая падзея для яе жыхароў. Гэты дзень чакаюць з нецярпеннем. І таму суботні дзень 24 жніўня ў вёсцы Гнесічы быў незвычайным — з музыкай, песнямі, віншаваннямі, духмянымі пірагамі і выпечкай, вясёлымі дзіцячымі галасамі, сустрэчамі старых сяброў, радаснымі тварамі мясцовых жыхароў, якія сабраліся на свята.  

А пачалося свята з абходу двароў. Сваёй самабытнасцю, харызмай, адметным убранствам кожны двор сустракаў прадстаўнікоў Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Шчорсаўскага сельскага Дома культуры. А затым свята прадоўжылася   на імправізаванай    пляцоўцы — на беразе Нёмана.

Са святам жыхароў вёскі павіншаваў старшыня Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта Алег Міхайлавіч Марушка. Ён пажадаў усім дабрабыту, росквіту і добрага адпачынку.

У гэты дзень шмат было сказана пра гісторыю вёскі. Як аказалася, у гэтым годзе Гнесічам споўнілася 460 гадоў. Хтосьці ўжо ведаў гісторыю сваёй вёскі, а хтосьці пачуў яе ўпершыню, але слухалі ўсе без выключэння з вялікай цікавасцю і ўвагай.

 Традыцыйным на святах вёсак з’яўляецца ўшанаванне яе жыхароў. Не абыйшлося без гэтага і на нашым свяце.   Лепшыя з лепшых ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі памятныя падарункі.

Гэта  ветэраны працы, у адрас якіх было сказана  шмат добрых і шчырых слоў: Ірына Яцэкаўна Лазарэвіч, Валянціна Яўгенаўна  Вілімовіч, Ганна Уладзіміраўна Шарэйка, Надея Кляменцеўна Жарыч, Васіль Мікалаевіч Емельяновіч, Аляксандр Міхайлавіч Амельяновіч, Аляксандра Андрэеўна Анісім.

На свяце ўшанавалі і лепшых цяперашніх працаўнікоў гаспадаркі. Гэта Ганну Васілеўну Вілімовіч, Галіну Уладзіміраўну Паляшук, Кірыла Яугенавіча Белавусава, Леаніда Георгіевіча Казец.

Цёплыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні на свяце прымалі старэйшыя жыхары вёскі Ганна Адольфаўна Яцукевіч, якой 15 ліпеня споўнілася сто год і Ганна Аляксандраўна Емяльяновіч, якая адзначыла у гэтым годзе сваё 95 годдзе.

         Дружнымі апладысментамі сустракалі вяскоўцы мужа і жонку Наталлю Мікалаеўну і Аляксандра Мікалаевіча Калала, якія 45 гадоў пражылі ў каханні і згодзе. І менавіта 24 жніўня святкавалі сваё сапфіравае вяселле.  Не забыліся маладых бацькоў Дзяніса Віктаравіча Захарава і Валерыю Валер’еўну Захарчанка, у якіх нарадзілася ў 2018 годзе дачушка Лізавета.  Асаблівыя словы падзякі былі выказаны шматдзетным і апякунскім сем’ям. Гэта сем’і: Несцярэнка і Садавая. Бо выхоўваць дзяцей — гэта таксама вялікая праца.

      Моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця вядучыя пажадалі і юбілярам – Веры Карпееўне Калала, Марыі Аляксандраўне Вілімовіч, Алене Васільеўне Казец.

         Ну і, вядома ж, даніна павагі і ўдзячнасці была аддадзеная і работнікам сферы абслугоўвання — прадаўцу Наталлі Уладзіміраўне Ламака і Ніне Паўлаўне Бузук, якая працавала шмат гадоў цырульнікам.

 На свяце падвялі вынікі конкурсу, за лепшы падворак, Дом узорнага парадку — падарунак і віншаванне атрымала  Любоў Анатольеўна Глябовіч. Прыгожым квятніком здзівіла пры абходзе двароў Людміла Пятроўна Вілімовіч. За што і атрымала падарунак на свяце.

Смачным печывам парадавалі членаў камісіі Наталля Віктараўна Сокал і Таісія Мікалаеўна Навіцкая. А вось духмяны каравай атрымаўся у Любові Анатольеўны Глябовіч.

Святочны настрой на свяце дарылі жыхарам вёскі таленавітыя ўдзельнікі калектыву аматарскай творчасці Шчорсаўскага сельскага Дома культуры-цэнтра тэатральнай творчасці. Чым вышэй падымаўся градус настрою, тым больш актыўнымі станавіліся гледачы, якім вельмі спадабаліся выступленні артыстаў, ну а пацверджанне таму — бурныя і працяглыя апладысменты.

Свята ўдалося. У прыўзнятым настроі разыходзіліся вяскоўцы, абмяркоўваючы запалыя ў душу моманты.

Дырэктар Шчорсаўскага СДК-ЦТТ  Г.Л.Міранцова

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий