Качан Канстанцін Іванавіч (Кастусь Качан)

Качан Канстанцін Іванавіч (Кастусь Качан) –  беларускі мастак. Нарадзіўся 4 сакавіка 1950 года ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна.

У 1975 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ. З 1977 па 1980 быў вольным слухачом Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, браў урокі жывапісу.

З 1980 г. бярэ ўдзел у мастацкіх выставах.

З 1987 г. – член Беларускага саюзу мастакоў.

Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах нацюрморт, пейзаж. У творах, якія вызначаюцца яркім стрыманым каларытам, імкненне перадаць любоў да роднай зямлі, хрысціянская духоўнасць беларускага народа: “Стрыгалі”, “Зімовы вечар”, “Зіма ў Раўбічах”, “Удавец”, “Апошні шлях хрысціяніна”, “Зямля мая, зямля маіх продкаў” (усе 1980-я г.); “Пад абразом”, “Хрэсны ход ва Уселюбе”, “Зіма ў Навагрудку”, “Вада, зямля і неба”, “Гара МІндоўга”, “Вясна ў Лаўрышаве” (1990-я г.).

 Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Саюзу мастакоў Беларусі, Міністэрстве культуры Расіі, у Траццякоўскай галерэі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Доме-музеі Адама Міцкевіча, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.

20 чэрвеня 2014 г. у Навагрудку, у будынку, збудаваным па праекце архітэктара Лявонція Зданевіча, была адкрыта персанальная карцінная галерэя Кастуся Качана, якая ўключае дзве выставачныя залы і майстэрню мастака. У цырымоніі адкрыцця прымалі ўдзел прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Барыс Святлоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *