Арцюх Зміцер

x_9e4d3b4fЗміцер Арцюх (сапр.: Дзмітрый Уладзіміравіч Арцюх) – беларускі паэт. Нарадзіўся 2 сакавіка 1978 г. у в. Рутка Навагрудскага раёна

Біяграфія

Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Скончыў Ваўкавіцкую сярэднюю школу (1995). Падчас вучобы працаваў над школьнай насценгазетай “Жыве Беларусь!”, якую арганізаваў настаўнік матэматыкі і самадзейны кампазітар Гродзеншчыны Мікалай Балай. З 1990 года друкаваўся ў раённай газеце з літаратурнымі і журналісцкімі матэрыяламі. Першы верш “У лесе” быў напісаны з дапамогай Мікалая Балая.

У 1995 годзе паступіў у Мінскі педагагічны каледж імя Максіма Танка, які скончыў у 1998 годзе, атрымаў спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Быў рэдактарам газеты навучэнцаў педкаледжа “Крылы”, якая друкавалася на старонках “Настаўніцкай газеты” і насценнай газеты “Наша слова”. Пачаў супрацоўнічаць з кампазітарам Уладзімірам Сарокіным і ансамблем “Сябры”, Алесяй, Ірынай Дарафеевай.

Скончыў кафедру радыё і тэлебачання факультэта журналістыкі БДУ (2003). Працаваў карэспандэнтам Беларускага радыё, рэдакцыі грамадскіх і сацыяльна-эканамічных праграм, на БТ рэдактарам у аддзеле рэпарцёраў, выпускаючым рэдактарам АТН.

З ліпеня 2005 па кастрычнік 2009 года працаваў старшым карэспандэнтам у часопісе “Промышленная безопасность”, затым у Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (2009).

З 2008 года супрацоўнічае з амерыканскім дабрачынным фондам “The Saviour” (“Спас”). З чэрвеня 2010 года працуе ў мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры ў рэдакцыі партала obitel-minsk.by.

У 2006 годзе заснаваў (разам з паэтэсай Аксанай Спрынчан) Паэтычны тэатр “Арт.С”. Першыя пяць гадоў быў яго дырэктарам і актыўным вядучым вечарын.

Творчасць

У 2002–2006 гадах з’яўляўся сябрам суполкі маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце” пад кіраўніцтвам пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. З 2005 года ладзіць літаратурна-музычны праект “Творчыя сустрэчы на Радзіме” (Навагрудак).

Аўтар дакументальнага фільма “Навагрудская Галгофа” (2009), дзесяцісерыйнага цыкла “По имени Детство” (2009–2016), тэленарысаў і публіцыстычных відэаматэрыялаў.

Аўтар паэтычных зборнікаў “Вясна ў кароткім паліто…” (2006, “Мастацкая літаратура”), “На скрыжаванні” (2015, “Харвест”).

На словы Зміцера Арцюха напісаны песні “Мелодыя мая”, “Сталіца”, “Ты паслухай”, “Золотой дуэт”, “Магистраль” (кампазітар Уладзімір Сарокін), “Развітанне з дзяцінствам” (кампазітар Мікалай Балай), “На скрыжавані” (кампазітар Галіна Кутас), “Настоящий друг”, “Дождь”, “Вечное лето”, “Любви простуда”, “Не отвечу”, “Музыка любви”, “Лесные концерты”, “Ты не любишь меня” (кампазітар Сяргей Фадзееў), “Самолётик” (кампазітар Людміла Янко).

Друкаваўся ў часопісах “Першацвет”, “Алеся”, “Маладосць”, “Полымя”, “Врата Небесные”, газетах “ЛіМ”, “Голас Радзімы”, перыядычным друку, калектыўных зборніках “Літаратурны квартал”, “Дзень паэзіі”, “Свет на дваіх” і іншых. Быў аўтарам рубрык “Моладзь ідзе” (газета “ЛіМ”), “Паэтычны чацвер” (газета “Голас Радзімы”) (разам з Аксанай Спрынчан), “Максіма маладых” (газета “Культура”) (разам з Дар’яй Амяльковіч), “Паэтычны букет” (часопіс “Промышленная безопасность”).

Некалькі вершаў перакладзены на балгарскую і рускую мовы.

Бібліяграфія:

  1. Лірычныя мроі: зборнік / Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка; складальнікі І.М. Царук,  А.В. Макарэвіч, Г.С. Астроўская. – Навагрудак, 2006. – 20 с.
  1. Вершы // Літаратура і мастацтва.– 2006.– 10 лютага
  2. Будучы бізнесмен-рамантык: [гутарка з Рагнедам Малахоўскім – паэтам ] /гутарыў З. Арцюх //Літаратура і мастацтва .– 2006.– 9 верасня.
  3. Верасень: вершы // Анталогія любоўнай лірыкі. Свет на дваіх. Кн. 4. –  Мн., 2006.- С. 224.
  4. Дарожны, В. У творчым росце: [пра З. Арцюха] / В. Дарожны // Новае жыццё (Навагрудскі раён).– 2005.– 12 сакавіка
  5. Зімы й паэзіі сталіца // Літаратура і мастацтва.– 2005.– 14 чэрвеня.– С.14
  6. “Марока…Мары…Мітусня…”: вершы // Маладосць.– 2006.– №2.– С.10.
  7. У сэрца пастукала вечнасць: верш //Советская Белоруссия.– 2005.– 5 жніўня.– С. 22
  8. Мары пра лета: [беларуская творчая моладзь у т.л. З. Арцюх разказываюць дзе праводзяць свой летні адпачынак] // Маладосць.– 2005.– №6.– С. 142
  9. Жыццё, падзеленае на тры: [гутарка з Аксанай Спрынчан паэткай, аўтарам кнігі “Вершы адА”] /гутарыў З. Арцюх // Літаратура і мастацтва.–2005.– 7 кастрычніка. – С. 16.
  10. Барбара Радзівіл пачынала… Паўлінкай: [гутарка з Юліяй Шпілеўскай]; гутарыў З. Арцюх // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 21 кастрычніка. – С.16

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *