Дамейка Ігнат

articles-60525_imagen_0Дамейка Ігнат Іпалітавіч – вучоны-даследчык, геолаг – нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета Мінскай губерні ў 1802 годзе. У 1812 годзе вучыўся ў манастырскай школе ў Шчучыне. У 1816 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе поруч з прыродазнаўствам вывучаў гісторыю, літаратуру.

Ва ўніверсітэце разам са сваімі землякамі А.Міцкевічам і Я. Чачотам прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў, асноўнымі лозунгамі якога былі: айчына, навука, дабрачыннасць. У 1822 г. атрымаў ступень магістра філасофіі. Восенню 1823 года І. Дамейка разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху арыштаваны і пасля заканчэння следства высланы з Вільні пад нагляд паліцыі ў вёску на Лідчыне, а потым у вёску Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім і Дамейка ў сваёй гаспадарцы распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Дамейка прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. у Польшчы і на Беларусі. Пасля паражэння паўстання разам з сябрамі вымушаны быў эмігрырываць. У 1832 г. перайшоў граніцу непадалёку ад Круляўца і быў інтэрніраваны прускімі ўладамі. Вызваліўшыся з палону, Дамейка ў Дрэздане сустрэўся з Міцкевічам, і яны выехалі ў Францыю. У Парыжы ён вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўніверсітэта, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, дапамагаў Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы “Пан Тадэвуш”. Пасля заканчэння вышэйшай горнай школы займаўся даследаваннямі. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты зямель былой Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічны каментарый да іх. У 1850 годзе ў Парыжы надрукаваны лепшы на той час геаграфічны атлас Польшчы. Такім чынам, Дамейку – можна лічыць заснавальнікам фізіка-геаграфічнага раянавання Польшчы, Беларусі і Літвы. У снежні 1837 года па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чыліскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка Горнай школы ў г. Какімба на поўначы Чылі і 02.02.1838 года адплыў туды. Дамейка прывёз з сабой багаж з кнігамі і абсталяваннем, за тры месяцы вывучыў іспанскую мову. У Калімба ён чытаў лекцыі, займаўся з вучнямі. Пасля заканчэння кантракта Дамейку запрасілі на працу ў сталічны горад Сант’яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва ўніверсітэце, у 1847 годзе ён атрымаў ва ўніверсітэце кафедру хіміі, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. У сталіцы Чылі Дамейка арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў і рэалізаваў праект новага водаправода. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы ён увёў у Чылі метрычную сістэму мер і вагі. Дамейка займаўся бібліятэчнай справай, стварыў хімічную і горную лабараторыі, тры музеі, у т. л. мінералагічны і этнаграфічны, розныя навуковыя калекцыі. Для даследавання прыродных багаццяў Чылі і пошукаў новых крыніц сыравіны ён арганізаваў навуковыя экспедыцыі ў пустыню Атакамі і ў горы, вывучаў вулканы, неаднойчы перасякаў Анды і Кардыльеры. З гэтай жа мэтай ён пабываў ў Бразіліі, Уругваі, Перу, Аргенціне і інш. І ўзбагаціў навуку звесткамі пра новыя расліны і мінералы ў гэтых краінах, шматлікія лекавыя крыніцы. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейкі апублікаваны на розных мовах ў 130 яго надрукаваных працах, якія прынеслі яму сусветную вядомасць і славу. Яго навуковыя паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук, публікаваліся ў навуковых часопісах Еўропы. Дамейка назаўсёды парадніўся з Чылі, ён быў жанаты з чылійкай, але ніколі не забываў сваю далёкую радзіму і заўсёды марыў пра яе. У 1884 годзе разам з сынамі прыязджаў у родныя мясціны, наведаў Мядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын, пасадзіў у Крошыне дубок.

Памёр Дамейка ў 1889 годзе. Дзень яго пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы. Чылійцы высока ацанілі яго заслугі. І. Дамейка быў абвешчаны народным героем. У гонар яго быў выпушчаны памятны медаль, прызначана самая высокая ў краіне пенсія. Яго імем названы адзін з партовых гарадоў (Пуэрта-Дамейка) вулканічны ланцуг гор у Андах працягласцю каля 350 км, а таксама адкрыты ім мінерал (дамейкі) і фіялкавая кветка (віела дамейкона). У яго доме быў створананы музей, а ў Сант’яга пастаўлены помнік “Грандэ Эдукатору” (Вялікаму Асветніку).

Бібліяграфія:

  1. Дамейка,І. Мае падарожжы / Ігнат Дамейка; Пер. з пол. мовы і камент. З. Сіцько; прадм. К. Цвірка. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2002. – 496 с.
  2. Багадзяж,М. Грандэ Эдукадор: І. Дамейка (1802-1889) // Багадзяж, М  // Сыны зямлі беларускай. – Мн.,2002.
  3. Валодзька,У. Пра Дамейку і яго сядзібу / Уладзімір Валадзько // Краязнаўчая газета. – 2004.– №36. – С.4.
  4. Марціновіч,А. Душа не падарожніца (Ігнат Дамейка) / А. Марціновіч // Зерне да зерня: гісторыя ў асобах. – Мн., 1996. – С.202–213.
  5. Сіцька,З. Чалавек, які збіраў камяні: Ігнат Дамейка / З. Сіцька.–   Мн: Тэхналогія, 2005. – 72 с.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *