Каравайчык Павел Гіляравіч

Каравайчык Павел Гіляравіч (1896-1937) – беларускі крытык, публіцыст, паэт, медык, грамадскі дзеяч.

Вядомы пад псеўданімамі і крыптанімамі: П.Каравай; П.Любецкі; Павал Любецкі; Павел Любэцкі; Павел Любецкі; Paulus; П.К.; П.Л.; К.П.; Л.П.

Нарадзіўся 15 чэрвеня 1896 г. у Любчы (цяпер Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць).

Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудку. У 1911 паступіў у Мінскую гімназію, скончыў яе з залатым медалём у 1916 у Маскве, куды гімназія была эвакуіравана падчас Першай сусветнай вайны. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з Таварыствам дапамогі ахвярам вайны. У 1917 г. – у рэдакцыі газ. «Вольная Беларусь», дзе пачаў друкаваць свае творы. Паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Петраградзе. Супрацоўнічаў з Белнацкамам і часопісам «Чырвоны шлях», з Наркаматам нацыянальнасцей РСФСР. На пачатку 1919 г. загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкама і рэдагаваў газету «Дзянніца». У 1919 годзе перавёўся на 3 курс медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, але быў прызваны ў Чырвоную Армію, у якой служыў да 1921 года.

У 1921–23 гг. чытаў лекцыі па беларускай літаратуры на настаўніцкіх курсах у Бабруйску і Мінску. З 1922 у Мінску, паступіў на 3 курс медыцынскага факультэта БДУ, які скончыў у 1925. З восені 1922 да канца 1926 гг. – загадчык аддзела замежнага друку газеты «Савецкая Беларусь». У красавіку 1926 года ўдзельнічаў у заснаванні Медыцынскай секцыі Інбелкульта; член-карэспандэнт Інбелкульта з 1926 г. Аўтар даследавання беларускага фальклору, сааўтар падручніка «Выпісы з беларускае літаратуры» (Ч. 1, Мн., 1926).

У сярэдзіне 20-х гадоў па заданні Інбелкульта распрацаваў беларускую медыцынскую тэрміналогію.

У 1926—30 гг. працаваў у клініцы нервовых хвароб медыцынскага факультэта БДУ.

Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Чэбаксары Чувашскай АССР. 29.7.1937 быў арыштаваны зноў. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 21 лістапада (Чэбаксары, Чувашыя).

Рэабілітаваны па абодвух справах у 1957 і 1959 гадах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *