Касцюк Міхаіл Паўлавіч

k1Беларускі гісторык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных  навук, прафесар. Сапраўдны член Цэнтральна–Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў. Былы дырэктар, намеснік  дырэктара, у цяперашні час – загадчык аддзела інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нарадзіўся Міхаіл Паўлавіч Касцюк у в. Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і селяніна. Паспяхова скончыў школу, затым Навагрудскае педагагічнае вучылішча. У 1958 г. паступае на гісторыка–філалагічны факультэт у той час Гродзенскага педагагічнага інстытута і атрымлівае дыплом з адзнакай аб яго заканчэнні.

Ужо ў інстытуце праявіліся яго інтэлектуальныя і арганізатарскія здольнасці. Таму пры размеркаванні М.П.Касцюк быў накіраваны на пасаду дырэктара Косадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1964 г. прызваны на армейскую службу. Пасля дэмабілізацыі ў 1965г. ён некаторы час працаваў сакратаром камітэта камсамола Гродзенскага педагагічнага інстытута, а ў снежні 1966 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР.

Настойлівыя пошукі, скрупулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне архіўных крыніц дазволілі маладому даследчыку падрыхтаваць кандыдацкую дысертацыю па складанай праблеме працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі ў 1933-1940 гг. і паспяхова абараніць яе ў 1969г. У наступным годзе М.Касцюк быў прызначаны на пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР. З 1975 па 1981 гг. ён працуе вучоным сакратаром Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Менавіта на гэтых пасадах праявіліся выдатныя арганізатарскія здольнасці Міхася Паўлавіча, яго чулыя адносіны да сваіх калег па працы, спакойны, удумлівы і прынцыповы падыход да вырашэння пастаўленых задач.

Пасля абароны ў 1979г. доктарскай десертацыі, прысвечанай паглыбленаму вывучэнню праблемы беларускага сялянства, у ліпеніі 1981г. М.Касцюк прызначаецца намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР. Добрае веданне людзей, іх праблем і магчымасцей, інтэлегентнасць, шырокі дыяпазон ведаў, уменне выдзеліць галоўнае ў шматграннай працы і давесці пачатае да лагічнага канца прынеслі М.Касцюку павагу  калектыву. Ён быў абраны на пасаду дырэктара інстытута.

З 1989 г. і да 26 лістапада 1999 г. М.Касцюк паспяхова кіраваў навуковым калектывам, спалучаючы арганізацыйна-адміністрацыйную работу з грунтоўнымі і глыбокімі навуковымі даследаваннямі.

Кіраўніцтва інстытутам выпала на долю М. Касцюка ў надзвычай складаныя часы выпрацоўкі новых падыходаў да асвятлення праблем айчыннай гісторыі. Дзякуючы яго высокаму навуковаму  узроўню, адказнай і патрыятычнай грамадзянскай пазіцыі калектыў змог пераадолець цяжкасці, захаваць асноўны навуковы патэнцыял, разгарнуць даследаванні па так званых белых плямах у гісторыі рэспублікі.Толькі за 1995–1999гг. вучоныя інстытута надрукавалі 80 работ, у тым ліку 37 манаграфій, 10 брашур, 21 зборнік, 7 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Значным укладам у развіццё гістарычнай навукі з’явіліся  “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках, якія выйшлі ў свет у 1994–1995гг. М. Касцюк – галоўны рэдактар і адзін з асноўных аўтараў гэтага выдання. Больш за дзесяць станоўчых рэцэнзій у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі прысвечана гэтай вялікай навуковай працы. У “Нарысах гісторыі Беларусі” беларускі этнас, як і ўвесь народ Беларусі, выступае суб’ектам гісторыі. З улікам ранейшых напрацовак і новых дакументальных матэрыялаў пераасэнсаваны праблемы этнагенезу беларусаў, станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, вызваленчай барацьбы, нацыянальнай культуры, узаемадачыненняў з суседнімі народамі. Раскрыты развіцце беларускага  нацыянальнага руху, фарміраванне і эвалюцыя савецкай сістэмы арганізацыі жыцця грамадсітва.

Пад кіраўніцтвам М. Касцюка падрыхтавана фундаментальная калектыўная праца “Гісторыя сялянства Беларусі”. Першы том – ад старажытнасці да 1861г. – убачыў свет у 1997г. У ім асветлены працэсы станаўлення і развіцця эканамічнага, сацыяльнага, духоўнага жыцця сялянства Беларусі да сярэдзіныXIX ст.

Пачаўся выпуск падрыхтаванай калектыўнай працы “Археалогія Беларусі”. У 1997 г. выйшаў першы том – “Каменны і бронзавы вякі”, у  1999г. другі том – “Жалезны век”.

За час знаходжання М. Касцюка на пасадзе дырэктара пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі інстытута з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай Акадэміі навук.

Падпісаны дакумент аб творчым супрацоўніцтве з калектывамі гэтых навуковых устаноў. Умацоўваюцца навуковыя сувязі з Інстытутам гісторыі Польскай Акадэміі навук, з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў.

М. Касцюк узбагаціў беларускую гістарыяграфію арыгінальнымі даследаваннямі, якія атрымалі прызнанне як у нашай краіне, так і за яе межамі. Яго навуковым інтарэсам уласцівы смелы творчы падыход да асвятлення складаных праблем гісторыі, імкненне аб’ектыўна прасачыць агульныя заканамернасці і асаблівасці з мінулага беларускага народа з улікам шматгранных момантаў, якія ўплывалі на гэтыя падзеі. Важнай асаблівасцю творчай дзейнасці М. Касцюка з’яўляецца яе шырокі дыяпазон, разнастайнасць і грамадска–палітычная значнасць навуковых даследаванняў. Ім апублікавана больш за 150 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі.

Яго манаграфіі па гісторыі сялянства “Идейно–политическое воспитание крестьянства (1926-1937гг.)”, “Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение  социализма (На материалах БССР)”, “Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы” вызначаюць месца беларускага сялянства ў грамадска–палітычным жыцці рэспублікі, аналізуюць працэс пераўтварэння беларускага сялянства ў адну з асноўных вытворчых сіл на шляху сацыяльна–эканамічных і культурных пераўтварэнняў. Гэтым жа праблемам прысвечаны шэраг напісаных М. Касцюком раздзелаў у калектыўных абагульняючых працах: “Гісторыя БеларускайССР” (Т.4), “Победа колхозного строя в Белорусской ССР” і інш.

Праблемы гісторыі сялянства, рабочага класса, інтэлігенцыі, нацыянальна–дзяржаўнага будаўніцтва, культуры рэспублікі, складаныя пытанні кіравання грамадствам у савецкі перыяд даследаваны вучоным у спецыяльных раздзелах 4-томнай працы “История рабочего класса Белорусской СССР” (т.2), у “Нарысах гісторыі Беларусі” (ч. 2). Акрамя названых прац М. Касцюком надрукавана вялікая колькасць разнапланавых навуковых і навукова–папулярных артыкулаў.

Шмат намаганняў прыклаў М. Касцюк для стварэння першага ў Беларусі навуковага, навукова–метадычнага выдання па гісторыі – “Беларускага гістарычнага часопіса”. Ен з’яўляецца актыўным членам рэдкалегіі, аўтарам многіх змястоўных артыкулаў.

Дзякуючы ініцыятыве і намаганням вучонага праведзена значная колькасць міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, на якіх ен выступаў са змястоўнымі дакладамі, не адзін раз прадстаўляў беларускую гістарычную навуку на высокіх замежных форумах.

Шмат увагі М. Касцюк надае падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, дапамагае іх творчаму росту. Ен падрыхтаваў каля 10 кандыдатаў навук, кансультаваў напісанне шэрага доктарскіх дысертацый,  з’яўляецца старшыней Савета па абароне дысертацый, выступае апанентам пры абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Вялікі ўклад вучонага ў развіцце беларускай гістрычнай навукі адзначаны абраннем яго ў 1989г. членам–карэспандэнтам, а ў 1996г. акадэмікам НАН Беларусі.

М. Касцюк абраны прэзідэнтам Беларскай асацыяцыі гісторыкаў, старшыней Беларускага нацыянальнага камітэта гісторыкаў, членам Прэзідыума Беларускага камітэта міру і многіх іншых грамадскіх фарміраванняў.

Паспяховая рознабаковая дзейнасць М. Касцюка прызнана як шырокай грамадкасцю нашай дзяржавы, так і замежнымі вучонымі. У 1998 г. абраны акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай акадэміі навукі і мастацтва. У 1999г. беларускі вучоны прызнаны Амерыканскім біяграфічным інстытутам чалавекам года і ўключаны ў склад Міжнароднага камітэта па прысваенню такога статуса іншым асобам.

 

Бібліяграфія:

  1. Нашы сучаснікі: Касцюк Міхаіл Паўлавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна.– Мн.: Беларусь, 1996. –С.498.
  2. Расолька, С. Праца беларускага навукоўца адзначана ў Еўропе: [дыплом акадэміка Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва атрымаў дырэктар інстытута гісторыі НАН Беларусі акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Касцюк] / Сяргей Расолька // Звязда.– 1998.– 4 снежня.
  3. Міхаіл Касцюк – “Чалавек года-99” // Звязда. –1999.– 10 верасня.
  4. Уражэнец краю: Касцюк Міхаіл Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.8. – Мн.: Белэн, 1999. – С.161.
  5. Акадэмік Касцюк: тройчы чалавек года // Краязнаўчая газета. – 2006. – №1.– студзень.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *