Кіт Барыс Уладзіміравіч

Кіт Барыс Уладзіміравіч (6 красавіка 1910, Санкт-Пецярбург – 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) – сусветна вядомы беларус, амерыканскі вучоны, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі, вынаходнік касмічнага паліва, беларускі грамадскі дзеяч. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, педагог. Доктар філасофіі (1983), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1991).

Дзіцячыя гады прайшлі ў в. Агароднікі Карэліцкага р-на.

Бацька паходзіў з в. Агароднікі Навагрудскага павета. У 1918 г. вярнуўся з сям’ёй на радзіму. У 1926 г. Барыс скончыў народную школу ў Карэлічах, у 1928 г. – Навагрудскую беларускую гімназію, а ў 1933 г. – фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. 3 1931 г. працуе выкладчыкам матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі, з 1939 г. яе дырэктарам. 3 восені 1939 г. дырэктар адроджанай Навагрудскай беларускай гімназіі, потым школьны інспектар у Баранавіцкай вобласці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 г. з пачаткам акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі, каб пазбегнуць арышту і расстрэлу, ён некаторы час жыў на нелегальным становішчы ў в. Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней пачаў настаўнічаць у мясцовай народнай школе. У 1943 г. арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах і стаў іх дырэктарам, а таксама заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасля закрыцця ў 1944 г. нямецкімі акупацыйнымі ўладамі гэтых навучальных устаноў Кіт арыштаваны гестапа. Ад расстрэлу Б.Кіта выратавалі былыя яго вучні А.Дасюкевіч і К.Касяк.

У канцы вайны эмігрыраваў у Германію, у 1945-1948 гг. вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

3 1948 г. – у ЗІІІА, удзельнічаў у арганізацыі беларускай суполкі ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). 3 1950 г. працуе даследчыкам у амерыканскай фірме ракетных і касмічных даследаванняў Норт Амерыкэн Авіэйшэн (цяпер Роквэл Інтэрнэйшанэл) у Лос-Анджэлесе, прымаў удзел у стварэнні першых міжкантынентальных ракетных сістэм. У 1960-я гг. працуе ў аддзеле даследавання і будаўніцтва спадарожнікаў сувязі фірмы Інтэрнэйшанэл Тэлеграф энд Тэлефоўн Карпарэйшэн у Вашынгтоне. 3 1972 г. – прафесар матэматыкі ў еўрапейскім аддзеле Мэрылендскага ўніверсітэта.

Барыс Уладзіміравіч  – аўтар першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве (1960), адзін з аўтараў кнігі па гісторыі і сучасным стане савецкай астранаўтыкі (1964) і інш. З’яўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў. Член шэрагу міжнародных астранаўтычных арганізацый і ўстаноў.

 З 1994 года – Барыс Кіт Ганаровы грамадзянін Навагрудка. Ён стаў першым, хто атрымаў гэта званне. І яно значыла для яго таксама шмат, як і ўсе вышэйшыя ўзнагароды ў галіне астранаўтыкі – Залатая медаль Сусветнай акадэміі астранаўтыкі і Залатая брошка германскага астранаўтычнага таварыства ім. Вернера фон Браўна.

Памёр у Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. 15 лютага 2018 пахаваны на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму ён сам выкупіў участак.

Музей Барыса Кіта ў Навагрудку

4 чэрвеня 2008 г. у Навагрудку ў Сярэдняй школе № 1, дзе ў 1920–1930-х гадах працавала Беларуская гімназія, адбылася вялікая ўрачыстая падзея: быў адкрыты музей імя Барыса Кіта. На імпрэзе прысутнічалі настаўнікі і вучні, прадстаўнікі мясцовых уладаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, згуртавання “Бацькаўшчына”, жыхары Навагрудка. Сам Б. Кіт на ўрачыстасць не прыехаў, хоць вельмі хацеў. Пісьменніца Л.Савік зачытала ягоны зварот да прысутных: “Я веру, што гэты музей шмат паслужыць у культурным развіцці горада Наваградка і будзе напэўна важнай цаглінай у будаўніцтве лепшай, светлай долі беларускага народа”.

Гісторыя стварэння персанальнага архіва Барыса Уладзіміравіча Кіта ў Наваградскім  гістарычна-краязнаўчым музеі

(Тамара Вяршыцкая,  былы дырэктар Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея)

У 1992 годзе Барыс Уладзіміравіч Кіт упершыню пераступіў парог  Наваградскага  гістарычна-краязнаўчага  музея,  які  толькі-толькі  адчыніўся. Пачатак жыцця музея супаў са зменамі ў лёсе Беларусі:  яна стала незалежнай у 1991 годзе, і прыезд Барыса Кіта ў Беларусь  быў  важнай  падзеяй.  Яго  з  радасцю  прымалі  ў  Акадэміі  навук,  Беларускай энцыклапедыі, Міністэрстве замежных спраў. Вядомы  беларус, якога ведалі і памяталі былыя гімназісты Наваградскай  беларускай гімназіі, быў вельмі жаданым госцем у Наваградку.

Для Барыса Уладзіміравіча прыезд у Наваградак быў вяртаннем у маладосць. Тут ён здабываў сваю першую адукацыю, тут бацькі,  настаўнікі, сябры па гімназіі, а таксама сама атмасфера тагачаснага  Наваградка з моцным беларускім рухам, безумоўна, паўплывалі на  яго характар.

Кіт  прыехаў  у  Наваградак  не  адзін,  яго  суправаджала  Біціна  Хайнц,  прафесар  хіміі  са  Злучаных  Штатаў  Амерыкі.  Маладая  жанчына са светлымі валасамі не выпадкова стала спадарожніцай  Барыса  Кіта  ў  вандроўцы  ў  мінулае:  яна  як  дзве  кроплі  вады  была падобная на Рыву — першае каханне маладога настаўніка  матэматыкі ў Наваградку, калі Барыс Кіт вярнуўся сюды з Вільні  ў 1939 годзе.

Так,  прыезд  у  Наваградак  ускалыхнуў  успаміны,  закрануў  душу, і Барыс Кіт шчыра адгукнуўся на прапанову музея зрабіць  Наваградак цэнтрам, дзе будзе захоўвацца яго персанальны архіў.

Тады ён яшчэ выкладаў матэматыку ў філіяле Мерылендскага  ўніверсітэта  ў Гайдэльбергу,  быў  занятым  чалавекам,  але  хутка  падрыхтаваў усё, і ў лютым 1993 года ў Міністэрстве замежных  спраў Наваградскі гістарычна-краязнаўчы музей атрымаў першую частку  дакументаў,  фотаздымкаў,  навуковых  прац  і  асабістую  перапіску Барыса Кіта з многімі вядомымі людзьмі свету — усяго  каля чатырохсот адзінак.

Гэта было падставай для стварэння экспазіцыі ў музеі, вывучэння  і  збору  матэрыялаў  па  гісторыі  беларускай  гімназіі  і  дзейнасці  Барыса Кіта ў Наваградку.

З  уласцівым  яму  энтузіязмам  Барыс  Уладзіміравіч  імкнуўся зрабіць  карыснае  для  сваёй  бацькаўшчыны.  Ён  прапанаваў  гарадскім  уладам  Наваградка  дапамагчы  наладзіць  партнёрскія сувязі з нямецкім горадам Ляймэнам, дзе на той час знаходзіўся  адзіны  ў  Нямеччыне  Беларускі  музей,  у  стварэнні  якога  ён  сам  прымаў  актыўны  ўдзел  (сёння  гэты  музей  з’яўляецца  часткай  гарадскога музея).

Сувязі  Наваградка  з  горадам  Ляймэнам  працягваюцца  да  сёння, дэлегацыі з горада-пабраціма ўжо 10 разоў прыязджалі ў  Наваградак з грузам гуманітарнай дапамогі, завязаліся сапраўдныя сяброўскія адносіны.

Матэрыялы  ад  Барыса  Кіта  працягвалі  паступаць  у  музей  на  працягу ўсіх наступных гадоў. Зараз яго персанальны архіў уключаезвыш 1300 адзінак. Гэта, а таксама архівы іншых славутых землякоў, сабраныя ў фондах музея, нарадзілі ідэю стварыць у Наваградку «Музей Людзей». З аднаго боку, на працягу тысячагадовай гісторыі  горада тут склаўся характар тыповага наваградца, а з іншага – ураджэнцы  Наваградчыны  зрабілі  вялікі  ўклад  у  еўрапейскую  і  сусветную  культуру  і  навуку.  Горад  падтрымлівае  гэтую  ідэю і выдзеліў  будынак  для  стварэння  экспазіцыі  на  аснове  сучасных  музейных тэхналогій.

100 гадоў актыўнага жыцця не могуць не пакінуць след. Жыццё Барыса Кіта і яго дасягненні натхняюць моладзь Наваградчыны. У Наваградку штогод праходзіць чэмпіянат інтэлектуальных гульняў імя Барыса Кіта,  і адзін раз у год капітан каманды-пераможцы атрымлівае пераходны кубак імя Б. Кіта і апранае мантыю доктара матэматычных навук, якую для гэтага на кароткі час выносяць з музея.

Ва ўспамінах:

– Упершыню з Барысам Кітом я пазнаёміўся ў 1992 годзе. Пазней сустракаліся яшчэ некалькі разоў, – адзначае Мікалай Гайба. – Барыс Кіт называў сябе навагрудчанінам, размаўляў толькі па-беларуску, пры тым што ведаў сем замежных моў. Падчас свайго прыезду на радзіму ён дзяліўся ўспамінамі з дзяцінства, шмат расказваў пра гады вучобы ў гімназіі і бацькоў. Жывучы далёка за мяжой, Барыс Кіт іімкнуўся шмат зрабіць для нашага горада. У яго была ідэя адкрыць у Навагрудку ўніверсітэт.

 Цікавыя факты:

Рыгор Барадулін прысвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:

Як ні сягне высока птах,
Ляцеціме ў гняздо наніз.
Зямля стаіць на трох кітах.
Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Біяграфічныя і аўтабіяграфічныя звесткі:

  1. Зорны шлях: да 100-годдзя Барыса Кіта / Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 110, [1] с., [6] л. каляр. іл.
  2. Долготович, Б. Д. Честь и слава земли Новогрудской / Б. Долготович // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы : (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) / [рэдкалегія: А. А. Каваленя, А. К. Кулак (старшыні) і інш.]. — Мінск, друк 2010. — С. 276―278.
  3. Чэмер, А. Выбраныя Богам: біягр. аповесць аб акад. Б.У.Кіте / Андрэй Чэмер. – Вильнюс, 1999. – 223 с.
  4. Борис Кит: разработчик космических технологий / подготовил А. С. Шибут // Изобретатель : ежемесячный международный научно-практический журнал / учредители: ОО “Белорусское общество изобретателей и рационализаторов”, учреждение “Редакция журнала “Изобретатель”. –  № 5. – С. 24–28.