Конан Уладзімір Міхайлавіч

konanБеларускі філосаф і літаратуразнавец Уладзімір Міхайлавіч Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года на Навагрудчыне ў вёсцы Вераскава. У 1959 годзе скончыў БДУ, у 1959-1961 гады працаваў настаўнікам і дырэктарам Стражоўскай школы на Вілейшчыне. Выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

З 1962 па 1990 гады Уладзімір Міхайлавіч працаваў у інстытуце філасофіі АН Беларусі, дзе з 1984 года займаў пасаду загадчыка сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі. З 1991 года загадчык аддзела гісторыі і тэорыі культуры нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 2005 года вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветнага цэнтра пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка, з 2006 года – вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Акрамя таго з’яўляецца членам саветаў па абароне доктарскіх дысертацый Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, навуковым кансультантам шэрагу выдавецтваў і часопісаў.

У. Конан друкуецца з 1963 года і з’яўляецца аўтарам амаль 30 манаграфій і брашур, звыш тысячы навукова-даследчых артыкулаў у розных галінах гуманітарных навук. У сваім навуковых працах ён даследуе праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі. У 1984 годзе атрымаў дзяржаўную прэмію Беларусі за напісанне цыкла працаў па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі,апублікаваных з 1973 па 1980 гады. Сярод апошніх яго манаграфій – “Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору”, “Боская і людская мудрасць (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд)”, “Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча”. Зараз у Беларускім фондзе культуры падрыхтавана да выдання кніга “Погляд у вечнасць”, прысвечаная юбілею навукоўца, у якой будуць змешчаны і працы юбіляра.

 Бібліяграфія:

  1. Конан Уладзімір Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т.– Мн.: БелЭн., 1999. – Т. 8 – С. 399-340.
  2. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Носьбіт святла: вітальнае слова Уладзіміру Конану / Любоў Уладыкоўская-Канаплянік // Роднае слова. – 2004. – № 4. – С. 87.
  3. Ліс, А. Калі навука – прызванне: навуковыя далягляды Уладзіміра Конана / Арсень Ліс // Роднае слова. – 2004. – № 4. – С. 88-89.
  4. Філосаф Уладзімір Конан // Краязнаўчая газета. – 2009. – № 15.– красавік. – С. 3.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *