Лявонцьеў Мікалай Сцяпанавіч

leontiev_nikolayМікалай Сцяпанавіч Лявонцьеў нарадзіўся ў колішняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага Наваградку, а адбылося гэта 30 мая 1862 года. Ад бацькі прывілася ў ягонай душы  любоў да перамены месцажыхарства. Сцяпану Лявонцьевічу давялося нямала дзе служыць. І Мікалаеў дзед таксама мусіў часта пераязджаць з месца на месца. Гэта ў немалой ступені паўплывала на тое, што Лявонцьевы валодалі маенткамі не толькі паблізу Наваградка, а і каля Курска, Херсона.

Выхаванне на падзеях даўніны і ратных подзвігах нашчадкаў па сутнасці само сабой прадвызначыла прафесійную арыентацыю Мікалая Лявонцьева. Ен скончыў Мікалаеўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу і звязаў свой лес з лейб-гвардыі Гродзенскім гусарскім палком, у якім даслужыўся да штаб-ротмістра. Але, маючы за плячыма 30 гадоў, зразумеў, што гэта зусім не тое, чаго прагне яго няўрымслівая натура.

Быў высока эрудзіраваны, валодаў чатырма замежнымі мовамі.    Яму хацелася адшукаць людзей, блізкіх сабе па духу. І неўзабаве такіх саслужыўцаў знайшоў. З іх аказаўся штабс-капітан Канстанцін Звягін, другім – урач-хірург палка Давід Глінскі. Як высветлілася, ім, як Лявонцьеву, надакучыла армейская служба і яны былі не супраць заняцца чымсьці больш рамантычным. А пасколькі сродкі мелі, то вырашылі накіравацца ў якое-небудзь замежнае падарожжа. Выбралі Індыю.

Шлях у Індыю, знаходжанне ў гэтай краіне і вяртанне назад занялі не адзін год.

У далейшым Мікалай Сцяпанавіч арганізаваў на свае сродкі, дзеля чаго прадаў свае маенткі, разам з вядомым рускім падарожнікам А.В. Елісеевым экспедыцыю ў Эфіопію. Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ і садзейнічаў пасылцы ў ліпені 1895 года эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню  дыпламатычных адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Таксама  Лявонцьеў быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 года вялікай партыі расійскай зброі. У час італа-эфіопскай вайны (1895-1896) Мікалай Сцяпанавіч ваенны саветнік Менеліка ІІ. А ў сваю чаргу, Менелік ІІ належным чынам ацаніў заслугі Лявонцьева за тую вялікую паслугу, якую ен аказаў эфіопскаму народу. Мікалаю Сцяпанавічу было прысвоена адно з самых вышэйшых вайсковых званняў – дэджазмегі. А яшчэ спецыяльна для яго ўвялі званне графа Эфіопскай імперыі. Рускі ўрад у сваю чаргу ўзнагародзіў Менеліка ІІ ордэнам Святога Георгія.

Выканаўшы гэтую ваенную місію, Мікалай Сцяпанавіч, вярнуўшыся ў Пецярбург, набыў вялікую вядомасць. А папулярнасць яшчэ больш павялічылася пасля таго, як пісьменнік Юлій Ялец, з якім Мікалай Сцяпанавіч знаходзіўся ў прыязных адносінах, у 1898 г. выдаў кнігу “Император Менелик и война его с Италией. По документам и походным дневникам Н.С. Леонтьева”.

Сам Мікалай Сцяпанавіч на час з’яўлення кнігі зноў ўжо на працягу года знаходзіўся на зямлі, што стала яму не толькі блізкай, а і роднай. З’яўляўся генерал-губернатарам Экватарыяльнай вобласці Эфіопіі. На гэтай пасадзе знаходзіўся да 1899 года, калі з гасціннай для яго краінай развітаўся назаўседы.

Яшчэ адна важная старонка ў ягонай біяграфіі – удзел у руска-японскай вайне 1904-1905 гадоў, але яна па сваей значнасці ні ў якім разе не можа параўнацца з эфіопскай.

Прага падарожжаў ніколі не пакідала Мікалая Сцяпанавіча. Таму і сталася так, што памер ен 17 ліпеня 1910 года не на радзіме, а на чужыне, у Парыжы, дзе і быў пахаваны на могілках Манмарансі. На помніку з’явіўся надпіс “Лявонцьеў Мікалай Сцяпанавіч, падарожнік, генерал-губернатар Экватарыяльнай Афрыкі”.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *