Сапега Леў

C

Гэта адзін з нашых славутых  суйачыннікаў, які ўсё сваё жыццё самааддана служыў Бацькаўшчыне – Вялікаму Княству Літоўскаму і здабыў – за гэта пашану і ўдзячную памяць народа.

Імя яго Леў Сапега (1557–1633). Род князёў Сапегаў быў у Беларусі адным з самых старажытных, і даў ёй багата вядомых людзей. Але найбольш праславіў яго Леў Сапега, які нарадзіўся ў красавіку 1557 года ў маёнтку Астроўна, што на Віцебшчыне ў шляхецкай сям’і.

Л. Сапега атрымаў бліскучую адукацыю – спачатку ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе, а затым у Лейпцыгскім універсітэце: свабодна валодаў пяццю мовамі.

Па вяртанні з Нямеччыны Л. Сапега быў заўважаны вялікім князям Сцяпанам Батурам і прыняты да яго на службу.

У 1584 годзе Л.Сапега ўзначаліў надзвычай адказнае пасольства ў Маскву, у часе якога выявіў неардынарныя дыпламатычныя здольнасці,дамогшыся падпісання вельмі выгаднага для Беларусі “вечнага міру”, за што і быў прызначаны на пасаду падканцлера.

А з 1589 года як канцлер Л.Сапега кіраваў замежнай палітыкай Беларускага гаспадарства і прыкметна ўплываў на унутранае жыццё краіны. Першарадная заслуга Л. Сапегі ў тым, што ён падрыхтаваў і дамогся зацверджання Статута 1588 года, які гарантаваў эканамічную, палітычную ды культурную незалежнасць Вялікага Княства ад суседніх Польшчы і Масковіі. Істотна тое, што ён ужо тады з’яўляўся прыхільнікам не манархіі, а моцнай дэмакрактычнай, прававой дзяржавы, дзе, паводле ягоных слоў “павінны панаваць законы, а не асобы”.

Л.Сапега адыграў вырашальную ролю ў часе буйных ваенных  кампаніяў на ўсходзе ў 1609-1611 і 1617-1618.Дзякуючы ягонай асабістай мужнасці і палітычнаму таленту Беларускае гаспадарства тады прыкметна пашырыла свае межы,вярнуўшы назад нашыя старадаўнія землі.

Пра незвычайнасць асобы Л.Сапегі,яго глыбокі патрыятызм асабліва сведчыць той факт, што ў часе вайны Вялікага Княства са Швецыяй, у 1625-1629 гадах ,ён ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войскаў, зрабіўшы ўсё магчымае дзеля выратавання Бацькаўшчыны ў тую чорную часіну.

Дзякуючы чыннасці Л.Сапегі нашае старадаўняе  гаспадарства не толькі здолела захаваць сваю незалежнасць у складаны гістарычны момант,але й перажыло новы перыяд эканамічнага ды культурнага росквіту,які поўным правам можна назваць”эпохаю Льва Сапегі”– зоркі першай  велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі.