Храптовіч Іаахім Ігнацый Юзаф Літавор

khreptovich_6Грамадскі, палітычны і дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, прыхільнік фізіякратызму на Беларусі, публіцыст, паэт, перакладчык.

Іаахім Літавор Храптовіч (4.01.1729–4.03.1812) паходзіў са старажытнага магнацкага роду, пачынальнікамі якога былі баяры Багдан (жыў у XIV-XV ст.) і яго сын Івашка Літавор (памёр у 1513 ). Ужо ў XVII ст. Шчорсы ўспамінаюцца ў пісьмовых крыніцах як радавое гняздо Храптовічаў.

Іаахім Літавор Храптовіч нарадзіўся 4 студзеня 1729 года ў фальварку Ясенец, каля аднайменнай вёскі з курнымі хатамі ўздоўж дарогі з Гарадзішча ў Туганавічы. Тут жа ў Ясенцы ў доме дзеда па маці Казиміра Несялоўскага, ён атрымаў першапачатковую адукацыю. Займаліся з ім нанятыя настаўнікі і гувернёры. У спадчынным маёнтку Шчорсы яго навучаннем кіраваў “дырэктар” – ксёндз Адам Хмялеўскі. На працягу года слухаў курс рыторыкі ў Нясвіжскай езуіцкай калегіі, пасля вучыўся ў Віленскай акадэміі (2 гады), у розных навучальных установах Брусберга ў Заходняй Прусіі (3 гады), зноў у Вільні (1 год).

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміну службы ў войску Храптовіч займае пасады наваградскага стольніка, г. зн. старшыні соймікаў Навагрудскага павету (1752); дэпутата Галоўнага трыбунала ВКЛ ад Гарадзенскага павету (1753); пасла ад Навагрудскага і іншых паветаў на соймы Рэчы Паспалітай (1754, 1756, 1758, 1764, 1766); маршалка Навагрудскага ваяводства канфедэрацыі ВКЛ (1764); маршалка Галоўнага трыбуналу ВКЛ (1765). Пасля каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага Іаахім Літавор прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ.  8 траўня 1764 года адзначаны новай узнагародай Рэчы Паспалітай – Огрдэнам Станіслава. З 1765 маршалак Галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага, узначальваў дыпламатычныя місіі ў Парыжы і Вене.

11 снежня 1766 года Іаахім Храптовіч узяў шлюб з Канстанцыяй Пшадзецкай, дачкой падканцлера ВКЛ Антонія Тадэвуша Пшадзецкага і ягонае жонкі Катажыны Агінскай.

У гады Барскай канфедэрацыі (1768-1772), Храптовіч дзяржаўнымі справамі не займаўся. З мэтай лячэння і азнаямлення з жыццём заходнееўрапейскіх краін у 1769-1772 гг. наведаў Германію, Францыю, Англію, Галандыю, Аўстрыю. Там пазнаёміўся з прагрэсіўнымі ідэямі асветцніцтва і фізіякратызму і іх вядомымі прыхільнікамі і з болей эфектыўнымі метадамі вядзення сельскай гаспадаркі.

26 кастрычніка 1773 г. прызначаны падканцлерам ВКЛ. Ён адзін са стваральнікаў (1773) і больш за 20 гадоў член Адукацыйнай камісіі (установы па кіраўніцтве народнай  асветай), паводле сваіх функцый яна была першым у свеце містэрствам адукацыі. Храптовіч быў прызначаны камісарам  дэпартамена акадэміі і школ Вялікага княства Літоўскага. Дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў найперш у павелічэнні колькасці школаў розных узроўняў і наданні навучанню свецкага характару. З 1780 года Храптовіч  кіраўнік каралеўскай групоўкі магнатаў і шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім, з 1791 міністр замежных спраў, з 1793 канцлер Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 ст. ён заснаваў у Варшаве “Таварыства сяброў навукі”. Пабудаваў у Шчорсах палац, уніяцкую царкву, арганізаваў бібліятэку з архівам ( 150 адзінак соймавых і соймікавых актаў, каралеўскіх пісьмаў і інш ). 7 вервсня 1793 года адзначаны ордэнам Белага Арла.

Перад пачаткам трагічнага Горадзенскага сойму (17 чэрвеня 1793 г .) Я. Храптовіч паехаў на лячэнне ў Карлсбад ў Аўстрыі. У часе гэтай паездкі ён наведаў Рым і некалькі іншых гарадоў Італіі. Пакуль канцлер быў за мяжой адбалося паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, і Рэч Паспалітая апынулася напярэдадні трэцяга падзелу. Вярнуўшыся праз Вену ў сакавіку 1795 г. на радзіму, канчаткова пасяліўся ў Варшаве, адышоў ад дзяржаўных справаў і захапіўся літаратурнай і навуковай працай. Але спачатку мусіў давесці да ладу свае маёнткі, разрабаваныя расейскімі войскамі.

У апошнія гады жыцця І. Храптовіч займаўся ў асноўным навуковай і літаратурнай дзейнасцю. Аўтар вершаў на польскай мове: “Гімн да прыгажосці”, “Дуб і трысцінка”, “Аб каханні“, “Адказ Храптовіча Карпінскаму”, “Храналогія роду Храптовічаў” (апублікаваны ў 1890-91), артыкула “ Паэзія “ (1781) і інш.

У 1802 г. у Варшаве як дадатак да перакладзенай ім кнігі                   А. Цюрго “Аб утварэнні і размеркаванні багаццяў у грамадстве” выйшла праца Храптовіча “Аб штогадовым нацыянальным узнаўленні”, а ў 1814 г. – “Аб натуральным праве”, у якіх паказаў сябе як выдатны прапагандыст ідэй фізіякратызму.

Верагодна, у 2-ой палове 90 гг. XVIII ст. згодна Расійскай імперыі ў сувязі з неабходнасцю  абгрунтаваць прыналежнасць да шляхотнага стану Храптовіч вывучае свой радавод. У выніку гэтага з’яўляецца “Памятка пра род Літавораў Храптовічаў ад першых звестак да 1795 г.” Генеральная дэпутацыя Літоўскай губерні на падставе дакументаў і радаводу ў снежні 1798 г. прызнала Храптовіча і чгоных сыноў Адама і Ірэнея “радавітаю і старажытнаю шляхтай” і ўключыла ў першую частку радаводнае кнігі шляхты Літоўскай губерні.

Памёр граф Іахім Літавор Храптовіч на 84-м годдзе 4 сакавіка 1812 г. Пахаваны ў Варшаве ў касцёле капуцыныў.

 

Бібліяграфія:

  1. Храптовіч, Літавор – Храптовіч, Іаахім Ігнацы Юзаф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 2003.–Т.6(2). – С.81.
  2. Храптовіч Іаахім Ігнацы Юзаф Літавор // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. – Мн., 1987. –Т.5. – С.454.
  3. Храптовіч Яўхім Ігнацы Юзаф Літавор: [грамадскі, палітычны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ] // Беларусь: знцыклапедычны даведнік. – Мн., 1995. – С.744.
  4. Храптовіч Іаахім Ігнацы Юзаф Літавор (4.01.1729–4.03.1812) // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1995. – С.326 – 328.
  5. Храптовіч Яўхім // Беларускія пісьменнікі: бібліяграграфічны слоўнік. – Мн., 1995. – Т.6. – С.201-202.
  6. Цярохін, С. Энцыклапедыст са Шчорсаў /С.Цярохін // Цярохін С.Ф. Перунова цяпельца: эсэ. ці некалькі згадак з гісторыі нашага народа / С.Цярохін.– Мн., 1993. – С.73. – 84.
  7. Педагагічная дзейнасць і погляды І. Храптовіча і М. Пачобута // Асвета і педагаг. думка ў Беларусі. – Мн., 1985. – С.202 – 205.
  8. Літвінаў, М. Таямніцы і прывіды Вішнева: [аб рэзідэнцыі Храптовічаў] / М.Літвінаў // Звязда. – 2009.–27 студзеня.
  9. Апановіч, Т. Асветнік, рэфарматар, паэт: [палітычны і грамадскі дзеяч ВКЛ І.Л. Храптовіча] / Т. Апановіч // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2009. – 18 лютага. – С.3.
  10. Далідовіч, Г. Асветнік, дыпламат, міністр. / Г.Далідовіч // Краязнаўчая газета.–2009. – №2. – С.4.
  11. Папоў, В. Вяртанне да Шчорсаў / В.Папоў // Новогрудские епархиальныя ведомости. – 2002 .– №4. – С.14–15.
  12. Спірыдаў, М. Апошні канцлер Вялікага княства Літоўскага / М. Спірыдонаў // Спадчына. – 2001. – №1-2. – С.25.
  13. Кунашка, В. Яўхім Храптовіч: / В.Кунашка // Полымя (Карэліцкі раён). – 1998. – 29 жніўня. – С.4.
  14. Трусаў, І. Г. Гняздо старажытнага роду: / І.Трусаў; запісала Л.Навіцкая // Гродзенская праўда. – 1991. – 25 мая.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *