Залацілін Віктар Мікалаевіч

d700f97be2a4f932d747a48fНапэўна няма на свеце чалавека які б не захапляўся прыроднымі краявідамі. Адсюль, відаць, і пейзажны жывапіс зразумелы большасці людзей. Ён перадае тыя красоты якімі мы любуемся.

Сапраўдную асалоду сэрцу прыносяць творы мастацтва, якія адлюстроўваюць родныя мясціны, куточкі, што знаёмы з дзяцінства, тыя месцы дзе быў неаднойчы ўражаны, здзіўлены, там дзе пачуцці перапаўнялі душу.

А калі мастак-пейзажыст – зямляк  і малюе Радзіму адчуваецца гордасць за яго, за спадчыну, за сябе. Таму што ты часцінка гэтага пейзажу, кропля прыгожай і непаўторнай малой радзімы.

Жыве на Навагрудчыне мастак Віктар Залацілін, які ў сваіх работах паказвае навакольныя краявіды. Віктар нарадзіўся ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. У 1980 годзе скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў намеснікам дырэктара вучэбнага цэнтра пры Дзяржкамсельгастэхніцы. У 1989 годдзе закончыў Інстытут народнай гаспадаркі. З 1991 па 1996 гады з’яўляўся дырэктарам прыватнага прадпрыемства па  аздабленню інтэр’ераў грамадскіх памяшканняў у горадзе Мінску. У 1996 годзе. вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам Купіскай базавай школы.                 З 2001 года пачаў актыўна займацца жывапісам.

Выстаўляе свае работы для гледачоў Віктар у Доме-музеі Адама Міцкевіча г.Навагрудка. Ужо адбылося тры прэзентацыі персанальных выстаў. На выставах творы ніколі не паўтараліся. Тут прысутнічаюць заўсёды новыя работы. А з’яўляюцца палотны з касмічнай хуткасцю. Мастак здольны за паўгодзе намаляваць дзесьці каля дваццаці карцін.

Віктар піша сваю старонку, якая багата лясамі і Нёманскімі затокамі, пушчанскімі каналамі, лугамі і выганамі. Карціны здзіўляюць сваім багаццем аб’ектаў і шматграннай маляўнічасцю.

Зімовыя пейзажы дыхаюць на вас халоднай свежасцю. Снег там празрысты і чысты, як думкі і мары аўтара.

На іншых работах наваколле зялёнае і цяністае, хочацца нават апынуцца сярод высокай травы, прыгарнуць яе да сябе, а потым прайсці скрозь лёгкую смугу тумана і зажмурыцца ад сонечных прамянёў, якія клічуць ў раніцу.

Творы Залаціліна абуджаюць пачуцці, даюць падставу для філасофскіх разважанняў. Яны дыхаюць жыццём.

На апошняй выставе інтрыга заключалася ў тым, што прадстаўленыя работы не былі падпісаны, хоць кожная з іх мела назву. Гэтым мастак даў магчымасць наведвальнікам самім назваць твор, а потым параўнаць з сапраўднай і паспрачацца на гэтай ніве.

Як адзначае сам аўтар: “Я вельмі люблю прыроду, я жыву на найпрыгажэйшай зямлі і хачу яе пісаць. Я радуюся раніцы, бо ажыццяўляю яе з пачаткам усяго новага, нязведанага, гэта як нараджэнне. А карціны – мае дзеці. І кожную я люблю па свойму.”

На выставах іншыя мастакі заўважаюць самабытнасць Віктара, таленавітасць і вялікую працаздольнасць.

Наведвальнікі пры сустрэчах з палотнамі атрымліваюць станоўчую энергію. Яны заўсёды рады ад новых сустрэч з творамі.

Работы Залаціліна Віктара Міхайлавіча захоўваюцца ў зборах навагрудскіх музеяў. Ёсць яны ў прыватных калекцыях Мінска, Філадэльфіі, Санкт-Пецярбурга, Рыгі, Таліна і інш. Пажадана, каб карціны ведала большасць людзей на Беларусі.

Прырода будзе і далей натхняць аўтара, палотны будуць стварацца, а людзі любавацца імі.

Бібліяграфія:

  1. Царук, І. Натхняе малая радзіма:[аб творчасці мастака] / Ірына Царук // Родная прырода. – 2007. – №10. – С.36-37.
  2. Царук, І. Дайце карціне назву: [пра самабытнага мастака Віктара Залаціліна] / Ірына Царук // Культура. – 2007. – 8-14 верасня. – С.12.
  3. Клімко,Н. Купіскія краявіды ў сталічнай галерэі: [аб персанальнай выставе жывапісу В.Залаціліна ў г. Мінску, мастацкай галерэі “Вільнюс”] / Н.Клімко // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2008. – 14 мая.
  4. Вилорова, М. Тишина зимы в летний зной / Марина Вилорова // Гродзенская праўда. – 2008.– 7 чэрвеня.– С. 5.
  5. Никитина, Т. Неман в любую погоду: [о выставке пейзажей В. Золотилина в галерее «Тызенгаўз» г. Гродно] / Татьяна Никитина //Обозреватель. – 2008. – 20 июня. – С.9.
  6. Кокаш, Г. Фарбы роднага краю: [аб прэзентацыі выставы карцін “Краявіды Бацькаўшчыны” Віктара Залаціліна] / Галіна Кокаш                 // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2008. – 22 лістапада
  7. Краявіды бацькаўшчыны. Віктар Залацілін: інфармацыйны краязнаўчы даведнік / Навагрудская центральная раённая бібліятэка, Любчанская гарпасялковая бібліятэка.– Навагрудак, 2008.– 20с.
  8. Кокаш, Г. Краявіды Бацькаўшчыны / Галіна Кокаш // Літаратура і мастацтва.– 2009.– №1-2.– С.12
  9. Мятлік К. А я люблю раніцу: [прэзентацыя выставы Залаціліна ў Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ] / Кацярына Мятлік // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2009. – 11 ліпеня .– С.2.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *