Унікальная выстаўка Кракаўскіх батлеек адкрылася ў Навагрудку

У Навагрудскім раённым Цэнтры культуры и народнай творчасці 23 студзеня ўрачыста адкрылі выстаўку «Кракаўскія калядныя батлейкі», якая падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне і Польскім Інстытутам у Мінску.

У незвычайнае падарожжа запрашае яркая экспазіцыя, якая складаецца з мініяцюр з унікальнымі рысамі архітэктурных помнікаў Кракава.

Традыцыя стварэння калядных кракаўскіх батлеек або «шопак» занесена ў спіс Нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Рашэнне Камітэта ЮНЭСКА было прынята на пасяджэнні ў лістападзе 2018 года. Гэта першая польская традыцыя ў спісе ЮНЭСКА.

Пра міжнароднае супрацоўніцтва з Навагрудкам і прызнанне кракаўскіх батлеек расказалі падчас адкрыцця выстаўкі консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, дырэктар Інстытута Польскага ў Мінску Цэзарый Карпінскі.

 – З Навагрудкам у нас наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва. Шмат задум ужо рэалізавана, але нямала іх наперадзе. Упэўнены, што яны паступова будуць ажыццяўляцца ў бліжэйшы час. У нас шмат агульнага  – гэта вялікая гісторыя, Адам Міцкевіч, паэзія. Калі гаварыць аб кракаўскіх батлейках, якія сёння выстаўлены ў Навагрудку, яны маюць багатую традыцыю ў Польшчы. І калі супрацоўнікі Інстытута Польскага ў Мінску прапанавалі арганізаваць выстаўку ў Навагрудку, мы з радасцю падтрымалі ідэю. Гістарычны музей Кракава  мае шэраг каштоўных філіялаў з вялікімі калекцыямі, і я думаю, што ў нас у далейшым вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве, – сказаў Яраслаў Ксёнжэк.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На выстаўцы ў Навагрудку прадстаўлены кампазіцыі, якія прысвечаны Божаму нараджэнню. Яркія, з фантазіяй размаляваныя стылізаваныя макеты касцёлаў горада Кракава, напоўненыя фігуркамі каляднікаў, анёлаў, персанажаў калядных батлеек, настройваюць на самы святочны лад.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

З гісторыі

Традыцыя калядных батлеек зарадзілася ў XIX ст. у адну з халодных зім, калі цесляры і муляры сядзелі без работы. Каб не сумаваць, яны сталі майстраваць батлейкі з падручнага матэрыялу. 21 снежня 1937 года на Кракаўскай Рыначнай плошчы каля падножжа помніка Адаму Міцкевічу адбыўся першы конкурс «шопак». Падчас Другой сусветнай вайны конкурс батлеек не праводзіўся, але пазней жыхары ўспомнілі добрую традыцыю і аднавілі «шопкі». 21 снежня 1945 гады на Рыначную плошчу да разбуранага помніка Адаму Міцкевічу, жыхары горада Кракава зноў прынеслі яркія батлейкі. Пачынаючы з 1946 года, арганізацыю конкурсу ўзяў на сябе Гістарычны музей Кракава.

Кожная «шопка» ўяўляе сабой мініяцюрную версію адной са славутасцей Кракава. Самы знакаміты – Марыяцкі касцёл з вежкамі рознай вышыні – натхніў на стварэнне мініяцюры ў выглядзе батлейкі многіх аўтараў. Лепшыя работы пераможцаў у конкурсе розных гадоў прадстаўлены на выстаўцы ў Навагрудку. Большасць з прадстаўленых на выстаўцы батлеек аснашчаны падсветкай, складанымі механізмамі, якія прыводзяць фігуркі ў рух, і нават музыкай – гэта стварае ўражанне жыцця ўнутры батлеек. Разглядаць батлейкі можна бясконца, бо некаторыя з іх маюць па 5 паверхаў.

Тыповая кракаўская батлейка – сіметрычная канструкцыя з няцотнай колькасцю вежаў (тры, пяць або сем) і з двума або трыма ўзроўнямі. Шпілі вежаў увянчаны выявай арла з польскага герба або харугвачкамі ў нацыянальных ці ў бела-блакітных кракаўскіх колерах.

Асноўны матэрыял, з якога выраблены каркас самой канструкцыі, – гэта дрэва або фанера. Вежы і меншыя архітэктурныя элементы выкананы з кардону, абклеенага каляровай алюмініевай фольгай або каляровымі бляшкамі. Вітражы раней вырабляліся з паперы, абклеенай каляровым цэлафанам, у пяцідзясятыя гады выкарыстоўвалася фарбаванае шкло, а сёння – пластык.

 

 

 

 

 

Немагчыма ўявіць сабе кракаўскую батлейку без фігурак, якія жывуць сярод шматлікіх арак і балконаў, надаючы батлейцы мясцовы каларыт.

Перад адкрыццём выстаўкі для навагрудчан быў арганізаваны майстар-клас па вырабе калядных батлеек. Прысутныя атрымалі бясцэнны вопыт і жаданне тварыць калядныя цуды.

Выстаўка будзе працаваць да 2 лютага 2020 года.

 

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий