Вышыванка – візітная картка нашай краіны. У Навагрудку праходзіць свята «Дзень вышыванкі» (+Відэа)

2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначаецца свята «Дзень вышыванкі». Так, з 2016 года ў адзення, якое ўпрыгожана нацыянальнымі беларускімі ўзорамі, з’явіўся свой чырвоны дзень календара. І гэта правільна, таму што вышыванка лічыцца візітнай карткай нашай краіны.

Насычаная праграма была падрыхтавана ў гэты дзень для навагрудчан.

Не толькі дарослыя, але і дзеці з цікаўнасцю завіталі на акцыю «Вышыванка даўжынёю ў вуліцу», на якой былі прадстаўлены дзіцячыя малюнкі і выразанкі выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера «Свіцязь» і Навагрудскага раённага дзіцячага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці падчас урачыстага адкрыцця вядучыя расказалі гасцям мерапрыемства, што ўменне вышываць было абавязковым для кожнай жанчыны. На Навагрудчыне здаўна выкарыстоўвалі двухбаковую падліковую гладзь у выглядзе паралельных шаўкоў. Асаблівую папулярнасць набыла вышыўка рознымі відамі крыжыка – простым, маленькім, адзінарным балгарскім, падвойным.Традыцыйная Навагрудская вышыўка была двухкаляровая (чырвоны, чорны). З часам з’явіліся новыя віды: карцінная, стужкавая, іконная. Сёння вышыўкай на навагрудчыне займаюцца многія. Сярод іх Таццяна Кулакоўская, Алена Новік, Любоў Завольская, Валянціна Корзун, Ніна Моніч і многія іншыя.

У канцэртнай праграме «Арт-фолк» прагучалі песні ў выкананні творчых калектываў Навагрудчыны.

Навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў горада прынялі ўдзел у маладзёжным флэшмобе  «Усе ў вышыванках».

Завяршылася свята радыёканцэртам «Беларуская вышыванка»  і фолк-дыскатэкай «Баян-бэнд».

Свята «Дзень вышыванкі» – мерапрыемства, якое накіравана на папулярызацыю нацыянальных традыцый, пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў, а таксама з’яўляецца своеасаблівай злучальнай ніткай пакаленняў.

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий