“Куфар былога”- выстава побыту і традыцыйных рамёстваў

Навагрудчына – гэта мясціна багатая народнымі умельцамі, таленавітымі рамеснікамі, творчасць якіх была вельмі папулярна са старажытных часоў. Найбольш развітымі рамёствамі ў нашай мясцовасці былі ювелірная справа, ткацтва, плотніцтва, бандарнае рамяство, кераміка і ганчарства.
Адметнасць Навагрудскіх промыслаў адзначана многімі даследчыкамі вывучаючымі традыцыйную культуру Беларусі. Асобныя вырабы мясцовых майстроў у розны час трапілі ў калекцыі розных музеяў. Узоры саматканых навагрудскіх паяскоў і радзюжак захоўваліся у Нацыянальным музеі ў Кракаве, этнаграфічным музеі Віленскага універсітэта. Гліняныя цацкі-свістулькі — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Навагрудскія сетакі-абрусы з вышыўкай—у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Узоры традыцыйных папяровых выбіванак захоўваюцца ў Польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах, у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі у Гісторыка-мастацкім музеі у г.Дамадзедава Маскоўскай вобл. і інш.

Дзякуючы экспедыцыям, якія ў свой час праводзілі супрацоўнікі РЦР, шмат узораў навагрудскага мастацтва захоўваецца ў калекцыі Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў. Асобныя іх віды адраджаюцца і перадаюцца майстрамі на гуртках і майстар-класах дзецям. З мастацкай культурай навагрудчыны падлеткі і моладзь падрабязна знаёмяцца на тэматычных экскурсіях, выстаўках і семінарах.
1 лютага у Навагрудскім раённым Цэнтры рамёстваў ДУК «Навагрудскі РЦКіНТ» завіталі студэнты Ф-л УА «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт «Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж», каб папрысутнічаць на адкрыцці выстаўкі «Куфар былога», якая створана з экспанатаў этнаграфічнай калекцыі Цэнтра рамёства і ўласных калекцый майстроў. Мэта такой выстаўкі: магчымасць наведвальнікам бліжэй пазнаёміцца з савакупнасцю традыцыйных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жаночага рукадзелля і прадметамі побыту характэрных навагрудскаму рэгіёну.
Экспазіцыя, на якой прадстаўлена больш за 100 прадметаў, складаецца з саматканых радзюжак, ручнікоў і паяскоў з вёсак Сямкова, Новыя Лагадкі, Купіск, Ваўковічы, Нягневічы, Мірацічы.
Вышытыя ручнікі, дарожкі, абрусы — памяць аб майстрыхах Н. Шурак, В. Грабовік, В. Жаравай.
Прадметы побыту, прылады працы, нават самаробныя інструменты, прывезеныя ў розныя часы з экспедыцый па вёскам Малыя Карнышы, Нягневічы, Літоўка, Пуцэвічы, Кміцянка, хутар «Срэбранка», Пабрэззе і інш., распавядаюць прысутным аб утылітарным мастацтве продкаў.
Папяровыя фіранкі, выкананыя ў тэхніцы традыцыйнай навагрудскай выбіванкі з калекцыі работ Ніны Шурак, упрыгожваюць экспазіцыю выстаўкі сваімі непаўторнымі узорамі.
Народная традыцыйная культура — наш агульны здабытак, перададзены нам папярэднімі пакаленнямі, складае сэнс і нашага сённяшняга быцця, таму неабходна спасцігаць, захоўваць і уваскрашаць жыватворную сілу яе самабытнага мастацтва.
Дырэктар Навагрудскага раённага Цэнтра раместваў Клімко Н.А.

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий