Яцук Таццяна Мікалаеўна

 Яцук Таццяна Мікалаеўна  нарадзілася 19 сакавіка 1963 года ў вёсцы Радагошча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.  Закончыла Валеўскую сярэднюю школу. Паступіла на філалагічны факультэт БДУ,  які закончыла ў 1985 годзе. Працавала на Барысаўшчыне. З 1988 года жыве ў горадзе Баранавічы, працуе настаўнікам беларускай мовы ілітаратуры ў сярэдняў школе № 4. Друкавалася ў трох калектыўных зборніках,  у розных раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. У баранавіцкай паэткі i педагога Таццяны Яцук душа спявала заўсёды: i у школьныя гады, i у студэнцкія, i цяпер.  Вершы  Таццяны Яцук : “Як сэрца прагне светлага прычасця…”, “Пакутна i жахліва ўсё было…”, “Аднакурснікам”, “Код жыцця адмервае дарэмшчыну…” і дзясяткі іншых.  Яна выйшла замуж, нарадзіла і выхавала разам з мужам двух сыноў. Але, як кажуць, калі Бог з маленства даў талент, то ён застаецца назаўсёды. Таццяну Марчык (Яцук) Бог з маленства надарыў паэтычным талентам. I гэты талент не знік, а захаваўся на жыццё. Яна павінна была даўно выдаць свой першы паэтычны зборнік.  Проста пісала вершы для сябе, сяды-тады іх друкавала. А лепшае нарэшце праз столькі гадоў вырашыла сабраць пад адну вокладку і назваць свой першы паэтычны зборнік “Груша над абрывам”. Гэтым вершам і адкрываецца зборнік. Шлях да першай паэтычнай кніжкі, аднак, задоўжыўся. Урэшце ў 2017 годзе пабачыў свет доўгачаканы паэтычны зборнік «Груша над абрывам». За першай кнігай выйшлі наступныя: «Маладосць на выданні», «Валошкавыя сны» (абедзве ў 2018 г.), «Паэма блукання і веры», «Бліскавіцы над Свіцяззю» (абедзве ў 2019 г.), «Алфавітная музыка слоў» (2020), “За сіняй птушкай” (2020). На словы Таццяны Яцук напісаны 17 песень, запісаны дыск. Таццяна Яцук — стваральніца лірыкі жаночай, паэзіі жаночага сэрца. Вось чаму ў кнігах прыкметнае месца займае ўвасабленне матываў кахання і любові, замілавання роднай прыродай. Таццяна Яцук – Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнараднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Яна з’яўляецца кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры», якое дзейнічае пры баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя В.Таўлая. Вершы і песні Таццяны Мікалаеўны неаднаразова гучалі на міжнародным радыё ў аўтарскай праграме Зоі Кулік “Вас вітае Беларусь”. Літаратурнае аб’яднанне, якім кіруе Таццяна Яцук, часты госць ў навучальных установах горада (школах, каледжах, універсітэце), на пляцоўках гарадоў і вёсак Беларусі, дарылі “Купальскія зоры” сваю творчасць і на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме, і на хрысціянскім фестывалі ў Баранавічах, і ў Пінску на Дні паэзіі “Зоры над Пінай”, і на іншых значных і патрэбных мерапрыемствах , якія праводзіліся ў нашай краіне. Галоўны герой яе вершаў змагаецца за дабрыню – пачуццё, якое не толькі ўзвялічвае чалавека і робіць яго чалавекам. Дабрыня ў паэткі выражае клопат сучаснага чалавека, адносіны да людзей, да сваёй зямлі, да сяброў і сваякоў, да гістарычных мясцін Бацькаўшчыны. Лірычны герой яе твораў – даволі ўражлівы чалавек, характар у яго прамы, просты, адкрыты і шчыры. Такі, як і сама аўтарка.

Добавить комментарий