Праздник урожая “Дажынкі-2016” прошел в СПК “Негневичи”

 

1-3-2    Свята хлебаробаў
   Вынік працы рук нястомных
Свята хлебаробаў “Дажынкі -2016” прайшло ў минулую суботу ў СВК “Нягневічы”. Ва ўрачыстай абстаноўцы аграрыі падвялі вынікі напружанай працы і ўшанавалі лепшых працаўнікоў гаспадаркі.
СВК “Нягневічы” – адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, дзе штогод атрымліваюць высокі ўраджай і значны валавы збор. Складальнікі паспяховага гаспадарання — шчырая і самаадданая праца, агульная зацікаўленасць у выніку і дысцыпліна. Ну і, безумоўна, гаспадарлівасць кіраўніцтва, прафесіяналізм спецыялістаў, асабістая адказнасць усіх і кожнага за даручаны ўчастак і справу.


Не першы год у гаспадарцы існуе добрая традыцыя завяршаць уборачную кампанію вялікай урачыстасцю – “Дажынкамі”. Свята працы – даніна павагі і ўдзячнасці ўсім рупліўцам сельскай нівы. Таму парадавацца добраму ўраджаю на “Дажынкі” у Харосіцкі сельскі дом культуры сабраліся не толькі працаўнікі гаспадаркі, але і іх родныя і сябры. Адкрылася свята ўрачыстым уручэннем каравая з хлеба новага ўраджаю старшыні СВК “Нягневічы” Юрыю Георгіевічу Куцко:
– У складаных умовах надвор’я масавая ўборка зерневых і зернебабовых у нашай гаспадарцы праведзена ў аптымальныя тэрміны і без страт, – адзначыў Юрый Георгіевіч. –Для дасягнення сёлетнега выніку зроблена нямала. Дзякуючы добрай падрыхтоўцы, правільнай арганізацыі работ і працавітасці механізатараў у поўным аб’ёме выкананы дзяржаказ і гаспадарка забяспечана збожжам. Дзякуй усім працаўнікам за сумленную працу і прафесіяналізм. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў.
Пры ўсіх складанасцях і акалічнасцях сёлетняга году аграрыям СВК “Нягневічы” ёсць чым ганарыцца. Дзякуючы добрасумленнай і самаадданай працы хлебаробаў гаспадарка мае важкі каравай – 14335,4 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 52,7 цэнтнера з гектара. А ўраджайнасць многіх культур адна з самых высокіх у раёне. Так, з гектара трыцікале і яравой пшаніцы атрымана 63,3 ц/га і 61 ц/га адпаведна, а яравы ячмень парадаваў 57,7 ц/га.
Самы доўгачаканы і хвалюючы момант свята – ушанаванне перадавікоў жніва і пераможцаў спаборніцтва на вясенне-палявых работах. Ганаровае права ўручыць дажыначны сноп – сімвал завяршэння ўборкі – галоўнаму аграному гаспадаркі А.У. Шкуту атрымаў пераможца сёлетняга спаборніцтва сярод камбайнераў Г.М. Клімко. Адзін за другім на сцэну выходзілі лепшыя работнікі, якія вызначыліся на падвозцы і ўнясенні ўгнаенняў, падрыхтоўцы глебы і пасяўной. Яны былі ўдастоены ганаровага званне пераможцы і атрымалі грашовыя прэміі.
Камбайнер – галоўная фігура на жніве. На хлебнай ніве СВК “Нягневічы” сёлета працавалі самыя падрыхтаваныя і вопытныя механізатары. Старанна, надзейна, адказна, дзень за днём яны ўбіралі хлеб, а настрой задавалі лідары. Пераможацамі спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых у гаспадарцы сталі дзесяць механізатараў. На камбайне “Лексіён” лепшых намалотаў дасягнулі Г.М. Клімко і А.М. Годзель. На камбайне КЗ-1218 пераможцамі сталі М.М.Скрыпко і А.Я. Касцюк, а на камбайне КЗС-10К – А.М. Шафар і А.І. Пчолкін. На адвозцы зерня вызначыліся вадзіцелі: У.П. Шуляк, М.І. Глебка, С.М. Хвіневіч, С.В. Сазановіч. Пераможцам спаборніцтва сярод работнікаў зернесушыльных комплексаў стаў аператар У.М. Рабко. Старшыня СВК “Нягневічы” Ю.Г. Куцко ўручыў пераможцам дыпломы і грашовыя прэміі. Лепшыя механізатары таксама атрымалі ўзнагароды ад Навагрудскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Яшчэ больш узняў настрой удзельнікаў урачыстасці выдатны канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы” з Гродна.
Дабрабыт кожнага з нас, спакой і дастатак перш за ўсё вызначаюцца багатым ураджаем збожжа і важкім боханам хлеба. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам СВК “Нягневічы”, хто рыхтаваў глебу, сеяў, даглядаў і, канешне, убіраў наша галоўнае багацце. Ганарымся нашымі землякамі, якія ўдастоены права звацца пераможцамі саборніцтва на жніве. Гэта прыемны вынік вялікай працы нястомных рук, спрадвечнага клопату хлебаробаў.

А . ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.

1-1-3 1-2-2 1-4-2

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий