Выстаўка, якую з 20 верасня 2016 года прэзентуе ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», незвычайная. Гэта абласная выстаўка-конкурс па саломапляценню “Саламяны цуд”, у якой бяруць удзел 17 майстроў з 13 раёнаў Гродзенскай вобласці. Навагрудчыну прадставіў раённы цэнтр рамёстваў ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 133 выставачныя работы, аўтары якіх прэтэндуюць на перамогу ў конкурсе па наступных намінацыях:
— Лепшая калекцыя выставачных работ;
— Лепшыя вырабы традыцыйнага саломапляцення;
— Лепшыя мастацкія вырабы з саломкі;
— Лепшы сувенір з саломкі.
Наведвальнікі выстаўкі маюць магчымасць паўплываць на рашэнне журы. Пасля прагляду экспазіцыі, прозвішча аўтара, які падасца найбольш таленавітым, можна занатаваць на лістку і апусціць у “чароўны кошычак”, які знаходзіцца ў выставачнай зале ў пачатку экспазіцыі.
Абласная выстаўка-конкурс “Саламяны цуд” працягнецца да 3 лістапада і завяршыцца семінарам-практыкумам для работнікаў культуры вобласці “Пляценне з прыродных матэрыялаў”, дзе лепшыя майстры саломапляцення, лозапляцення, пляцення з травы і чароту падзеляцца сакрэтамі свайго майстэрства.