Навагрудчане і госці горада, якія ў суботу, 27 жніўня, завіталі на Замкавую гару, змаглі на некаторы час акунуцца ў атмасферу сярэднявечча з яго танцамі, музыкай, забавамі і рыцарскімі баямі – у Навагрудку ладзілася свята “Вечар на Замку!”.
Пачаўся вечар з тэатралізаванай анімацыйнай праграмы “На Зямлі легендарнай Ліцвінкі”. Затым на працягу некалькіх гадзін гледачоў забаўлялі рыцарскія клубы-ўдзельнікі з Навагрудка, Ліды і Мінска. Стральба з лука, баі на мячах, анімацыйная праграма “Каранацыя Міндоўга”, сярэднявечныя гульні і танцы, знаёмства з побытам рыцараў і інш. – прысутныя не толькі назіралі, але і самі маглі прыняць удзел у праграме і розных забаўках.
Пасля завяршэння сярэднявечнай часткі свята адбыўся канцэрт артыстаў Навагрудчыны і Бярозаўскага гарадскога дома культуры. На працягу мерапрыемства працавалі тэматычныя выставы, быў арганізаваны гандаль і работа дзіцячых атракцыёнаў.
Без сумнення самым захапляльным і “гарачым” момантам мерапрыемства стала вогненна-піратэхнічнае шоу у выкананні калектыва “АматЕро” з Баранавіч. Майстры агню настолькі прафесійна і здавалася зусім бястрашна спраўляліся з вогненным рэквізітам, што падарылі прысутным шквал незабыўных уражанняў. Завяршыўся вечар дыскатэкай пад адкрытым небам.
На працягу свята я гутарыла з людзьмі і цікавілася іх уражаннямі. Ідэя правядзення ў горадзе падобных мерапремстваў навагрудчанам спадабалася – гэта выдатная магчымасць цікава правесці выхадны дзень і адпачыць усёй сям’ёй. Аднак большасць людзей сумуюць па былых маштабных рыцарскіх турнірах, якія ладзіліся на Замку ў мінулыя гады і адрозніваліся асаблівай відовішчнасцю.
Тэкст А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.