Тыдзень традыцыйнай культуры праходзіць у рамках абласнога праекту па папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Ад даўніны да нашых дзён». Распачаўся Тыдзень са свята рамёстваў «Рамяство як лад жыцця», што адбылося ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў.
На свяце былі прадстаўлены розныя напрамкі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанка, ткацтва, бондарства, пляценне паясоў. У гасцей мерапрыемства была магчымасць паспрабаваць уласныя сілы ў вырабе сувеніраў: зрабіць ляльку-абярэг, навагоднюю цацку на ёлку з саломкі. А каб ўдзельнікам мерапрыемства было яшчэ і весела, а ногі самі кідаліся ў скокі, музычную праграму для іх падрыхтавалі ўдзельніцы аматарскага аб’ядненне «Суседачкі».