
10 верасня 2022 года споўнілася б 90 год энтузіясту, творчай асобе, цікаваму і шчыраму чалавеку, захавальніцы традыцыйнай спадчыны Навагрудчыны Ніне Пятроўне Шурак.
Яе захапленне этнаграфічнай творчасцю пачалося ў 80-х гадах. У той час Ніна Пятроўна была старшынёй ініцыятыўнай групы па стварэнню ў Навагрудку гісторыка-краязнаўчага музея, а пасля яго адкрыцця працавала галоўным захавальнікам фондаў. Было сабрана больш за тры тысячы экспанатаў. Яна пабывала ў 220 вёсках, дзесяткі вёсак абышла пешшу. Творчую душу жанчыны заўсёды вабілі розныя віды народнага мастацтва: ткацтва, вышыўка рушнікоў, выцінанка. Пераймаць вопыт і вучыцца было ў каго. У даваенны час, з-за адсутнасці матэрыялаў, а часта і фінансавых сродкаў у сям’і з паперы рабілі фіранкі, упрыгожанні на абразы, на покут. Гэтыя навыкі спатрэбілісь ёй пад час стварэння кутка сялянскай хаты ў музеі. Працоўным інструментам майстрыхі з’яўляўся шырокарасплюшчаны цвік, малаток і дубовая дошка. Так адрадзілась унікальная тэхніка выцінанкі, якой ў 2014 годзе быў нададзены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Навагрудская выцінанка-выбіванка”. Акрамя выцінанкі майстрыха вышывала двухбакавой гладдзю прыгожыя ручнікі, узоры да якіх малявала сама. З 2002 года Н.П.Шурак цесна супрацоўнічала з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў, прымала ўдзел у шматлікіх выстаўках. У 2004 годзе была узнагароджана Дыпломам за выдатныя поспехі ў захаванні і развіцці рамёстваў у II абласным конкурсе-паказе абрадаў і святаў у г. Гродна. Лаўрэат II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва “Жывая крыніца” (2006г), прызёр Рэспубліканскага кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”(2007г). Яе работы знаходзяцца ў фондах Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка археалагічным музеі, польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах. У 2009 годзе майстрыхі не стала. Дзякуючы ёй, традыцыя вырэзвання з паперы “Навагрудская выцінанка-выбіванка” захавалась і стала вядомай далёка за межамі Навагрудчыны. За вялікі ўклад у стварэнне Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Ніна Пятроўна Шурак занесена ў кнігу Славы Навагрудскага раёна. А для супрацоўнікаў Навагрудскага цэнтра рамёстваў яна самы Народны майстар Навагрудчыны, які вучыў нас працаваць добрасумленна, любіць сваю Радзіму і рабіць справу без халтуры.
Н.Клімко, кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”