Гучна, весела і з размахам у аграгарадку Пятрэвічы правялі тэатралізаванае абрадавае свята «Пятроўскі вянок»

Беларускія народныя традыцыі на Навагрудчыне не забываюцца, а наадварот, шануюцца, захоўваюцца і адраджаюцца. А пацверджаннем таму правядзенне тэатралізаванага абрадавага свята «Пятроўскі вянок» у аграгарадку Пятрэвічы.

Ужо трэці год запар у аграгарадку Пятрэвічы ў Дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла пасля наведвання службы ў царкве ладзіцца гучна, весела і з размахам тэатралізаванае абрадавае свята «Пятроўскі вянок». Усе жыхары населенага пункта загадзя рыхтуюцца да свята, да сустрэчы гасцей: упрыгожваюць свае падворкі, гатуюць пачастункі і смачныя стравы для гасцей.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У гэты дзень работнікі Пятрэвіцкага сельскага дома культуры і актыўныя ўдзельніцы аматарскай самадзейнасці сплялі пятроўскія вянкі і на ўпрыгожанай павозцы аб’ехалі Пятрэвічы. Дзяўчаты віншавалі мясцовых жыхароў са святам, спявалі пятроўскія песні і па традыцыі ўручалі ці закідвалі на дахі дамоў гасцінных гаспадароў вянкі. Згодна з павер’ем, чым даўжэў на даху дома будзе знаходзіцца вянок, тым больш дабра будзе ў доме, лепшым будзе ўраджай і мацнейшым здароўе ў гаспадароў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пасля аб’езду самадзейныя артысты  дома культуры запрасілі ўсіх на канцэртна-гульнявую праграму, якое ладзілася на святочнай пляцоўцы ў самым цэнтры аграгарадка Пятрэвічы. У праграме свята выступілі як мясцовыя самадзейныя артысты, так і артысты з горада і суседняга аграгарадка Ладзенікі.

У сваім прывітальным выступленні старшыня Пятрэвіцкага сельвыканкама Сяргей Гірыновіч шчыра падзякаваў усім аднасяльчанам за важкі ўклад у агульную добрую і карысную справу, вернасць традыцыям продкаў, адданую любоў да роднай зямлі.

 У рамках святкавання былі праведзены конкурс вянкоў сярод падворкаў, конкурс-дэгустацыя вырабаў з малака «Малочныя рэкі – кісельныя берагі», а таксама конкурсная праграма сярод сямейных пар «Рай у шалашы». І гледачы, і журы былі прыемна здзіўлены творчасцю, выдумкай і задумай удзельнікаў конкурсаў, вянкі былі выкананы з галінак дрэў, лекавых траў, падручнага матэрыялу, збруі  каня. Перамогу у конкурсе “Пятроўскі вянок”  атрымала сям’я Саўко, якая вырабіла вянок з саспелых гатункаў пшаніцы, ячменю і жыта. Дэгустуючы вырабы з малочнай прадукцыі, усе (журы і гледачы) аднагалосна прыйшлі да меркавання, што першае месца павінны атрымаць дзве сям’і — Гірыновіч і Кісляк. Перамогу ў конкурсе маладых сем’яў атрымала сям’я Сакаловых. У разгар свята ва ўсіх удзельнікаў была магчымасць пакаштаваць галоўны ласунак свята- “пятроўскую кашу” або «пятроўшчыну», як яе ў дадзенай мясцовасці называлі здаўна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Кожны год на свяце з’яўляюцца новыя персанажы, новыя дзеянні, якія падказвае насельніцтва аграгарадка. Маладымі людзьмі было прапанавана ўвесці Кнігу рэкордаў «Па-Пятрэвіцку”. У гэтым годзе  занеслі 7 імёнаў, якія сталі лепшымі ў намінацыях “Ножка сусветнага стандарту”, “Каса-дзявочая краса”, “Асіны стан Пятрэвіч, 2019”, “Кулачышча Пятрэвіч 2019”, “Свістун Пятрэвіч 2019”.

Усе гледачы пакідалі святочную пляцоўку з прыўзнятым настроем, выказваючы ўдзячнасць за цудоўна праведзены час.

Жыццё кожнага сельскага населенага пункта Гродзенскай вобласці ўнікальная і шматгранная. І мы, работнікі СДК, стараемся зрабіць яе больш насычанай, цікавай, стараемся зацвердзіць нешта новае, сучаснае і адрадзіць старое, забытае. А Маўклівыя сведкі свята «Пятроўскі вянок» (Пятроўскія вянкі на дахах дамоў) цэлы год будуць нагадваць жыхарам аб цёплым леце, і аберагаць двары, дамы, гаспадароў ад бяды.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий