На Навагрудчыне прайшоў занальны тур абласнога рэгіянальнага фестывалю фальклору «Панямоння жыццятворныя крыніцы»

19 чэрвеня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ў г. Навагрудку адбыўся занальны тур абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», у якім прымалі ўдзел калектывы Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Іўеўскага раёнаў.

Наш край – унікальны, у яго скарбонцы, на шчасце, захаваліся старажытныя абрады, фальклор, традыцыйныя святы. Не адзін год фестываль фальклору «Панямоння жыццятворныя крыніцы» крочыць па Гродзеншчыне і праводзіцца з мэтай захавання, падтрымкі, папулярызацыі беларускай народнай культуры, далучэння моладзі і падлеткаў да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй краіны, выяўлення носьбітаў беларускага фальклору.
На суд гледачоў і журы на занальным туры абласнога фестывалю фальклорныя калектывы Навагрудчыны, Карэліччыны, Дзятлаўшчыны і Іўеўшчыны прадаставілі тое, чым беларускі народ адметны спрадвеку: народныя песні, побытавыя танцы, традыцыйныя беларускія абрады, народную прозу. У выкананні самадзейных артыстаў розных узростаў гучалі традыцыйныя народныя песні,легенды. А прыгожыя народныя танцы так і заставілі забыцца пра паўсядзённыя клопаты і патанцаваць пад знаёмыя мелодыі.

Першымі на сцэну выйшлі прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна. Беларускія народныя песні «Ой да вы, камарыкі, мае», «Чуць, матуля, чуць»,  «Пасеяў дзед грэчку»,  «Ой ты, белая бяроза» і іншыя, якія выканалі артысты, нікога не пакінулі раўнадушным. Гледачы падпявалі і апладзіравалі выканаўцам.

 

 

Цікавую праграму «Песні з бабулінага куфэрка» падрыхтаваў ансамбль народнай музыкі «Вечарынка» з  Іўеўскага раёна.

 

На традыцыйныя беларускія вячоркі «Сцежкамі нашых продкаў» запрасілі калектывы Карэліцкага раёна. Удзельнікі інструментальнай групы народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі» прапанавалі гасцям фестывалю«Вясковыя найгрышы». А танцавальны калектыў «Спадчына» прапанаваў усім далучыцца да танцаў  і запрасіў разам станцаваць «Загорскую кадрылю».

Песеннай і танцавальнай творчасцю калектывы Навагрудскага раёна, па праву гаспадароў, завяршылі фестывальную праграму.

 

 

 

Удзельніцы аматарскага аб’яднання «Суседачкі» Вераб’евіцкага сельскага дома культуры, вакальная група народнага ансамбля песні і танца «Свіцязь» і танцавальны калектыў «Сучаснасць» Навагрудскага аграрнага каледжа імкнуліся раскрыць глыбіню старажытнай народнай музычнай культуры праз традыцыйныя беларускія песні і танцы.

Вельмі ўразілі журы легенды «Свіцязянская туфелька» і «Шатараўская крынічка», якія выканалі кіраўнік народнага аб’яднання майстроў «Каляровая альтанка» Наталля Клімко і ўдзельніца дзіцячага гуртка тэатральных мініяцюр Вераб’евіцкага СДК-ЦТТ Яна Анашкевіч.

Па выніках фестывалю журы вызначыць лепшых самадзейных артыстаў. Яны прымуць удзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору «Скарбы Гродзеншчыны».

У фае была арганізавана выстаўка работ народных майстроў Навагрудскага раёна. Тут можна было ўбачыць вырабы з саломкі, традыцыйную народную вышыўку, ткацтва і многае іншае.

 

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий