На свята да суседзяў

22_7Адпачывалі па-суседску.
Тыдзень таму ў Любчы адбылося свята “Добры дзень, суседзі”, ганаровымі ўдзельнікамі якога былі жыхары в.Уселюб. І вось надыйшоў час ім самім прымаць гасцей – гаманліва, весела і дружна сустракалі на Уселюбскай зямлі суседзяў.
Спрадвеку на Беларусі складваліся традыцыі добрасуседства, сяброўства, узаемнай павагі паміж людзьмі. Добры сусед лепш далёкага сваяка, а бывае што і блізкага. Кажуць і так: няма лепшага сваяка, чым добры сусед. На жаль, у мітуслівым гарадскім жыцці мы губляем добрую звычку хадзіць да суседзяў у госці. А вось вяскоўцы захавалі яе і працягваюць жыць і працаваць у згодзе і ладзе з суседзямі.

IMG_4679 IMG_4684 IMG_4685 IMG_4686

Каб убачыць, як сустракаюць суседзяў на вёсцы, мы завіталі на свята ва Уселюб.
Рыхтавацца вітаць гасцей з Любчы тут пачалі загаддзя. На пляцоўцы каля Дома культуры ўсталявалі імправізаваную сцэну, а ўздоўж вуліцы гасцінна раскінуліся падворкі і гандлёвыя палаткі. Як і патрабуе традыцыя, старшыня сельсавета У.Д. Ляпешкін і старшыня СВК “Уселюб” М.М. Іванчык разам жыхарамі сустракалі суседзяў ля ваколіцы. Гасцінна павіталі хлебам-соллю, шчырымі песні і запрасілі пазнаёміцца з Уселюбскім краем.

22_3   IMG_4689   IMG_4690

Спачатку мы накіраваліся да мясцовай святыні – крыніцы святых пакутнікаў Макавеяў. Прыгожае, абуладкаванае месца прыцягвае сюды вернікаў і вельмі шануецца мясцовымі жыхарамі. З даўняй пары ва Уселюбе жывуць працавітыя і хлебасольныя людзі. У гэтым мы ў чарговы раз упэўніліся падчас наведвання Уселюбскага лясніцтва і мясцовай школы. Ва ўсім бачылася гаспадарлівасць, сумленнасць і стараннасць людзей, якія тут працуюць. Таксама цікава было дазнацца, што калісьці Уселюб належаў ірландскаму роду О’Руркаў, тут захаваліся пахавальня і касцёл св. Казіміра XVI стагоддзя.
Асноўныя падзеі ўрачыстасці разгарнуліся на цэнтральнай вуліцы вёскі, якая ў гэты суботні дзень выглядала святочнай і нязвыкла гаманлівай. І не дзіўна, бо на такое нячастае мясцовае свята сабраліся і карэнныя вяскоўцы, і тыя, хто завітаў сюды ў госці. Куды ні кінь вока, усюды можна было ўбачыць шчырыя ўсмешкі і радасць, хлебасольнасць і адкрытасць. Святочны настрой таксама стваралі выступленні самадзейных артыстаў і ўшанаванне жыхароў Уселюбскага краю.
Накіроўваюся да сваіх старых знаёмых – падворка СВК “Уселюб”. Яго гаспадыні – работніцы бухгалтэрыі гаспадаркі не паскупіліся на пачастункі ды прысмакі. Шчыра і радасна яны частавалі гасцей, расказвалі пра свае вырабы і абмяркоўвалі рэцэпты прыгатаваных страў. “Апяты на пні”, “Ражкі па-ўселюбскі”, гуркі і сала, садавіна і гародніна – устрымацца было немачыма.
Прыемна ўразіла, што Уселюб жыве, абнаўляецца, маладзее. Відавочна гэта было не толькі па дагледжаных будынках, падворках, але і па шматлікай дзетвары, якая прысутнічала на свяце. Дарэчы, сёлета дзіцячы садок наведвае 42 дзіцяці, таму спачатку вырашаю пазнаёміцца з маладой сям’ёй.
– Мы з мужам Мікалаем Валер’евічам мясцовыя, хадзілі ў адну школу, добра ведалі адзін аднаго, а з цягам часу пажаніліся, – расказала Інэса Казіміраўна Грыцук. – У нас двое сыноў Кірыл і Мацвей. Муж працуе трактарыстам, а год таму гаспадарка нам выдзеліла добраўпарадкаваны дом. Жыць на вёсцы нам падабаецца, тут нашы бацькі, родныя, суседзі. Сённяшняе свята – гэта сапраўдны падарунак для ўсіх жыхароў. Прыемна адпачыць і павесяліцца ўсёй вёскай.
Далей маю ўвагу прыцягвае прыгожа аформлены падворак “Уселюбскі хутарок”. Старажытныя прылады сялянскай працы збірае і беражліва захоўвае гаспадар гэтай аграсядзібы А.М. Грамак.
– Без працы жыць сёння немагчыма, – пераканана гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. – Усе нашы суседзі вельмі добрыя і працавітыя людзі, некаторым з іх ужо за восемдзесят гадоў, але яны абрабляюць зямлю, трымаюць гаспадарку. На сваіх пяцідзесяці сотках разам з жонкай вырошчваем бульбу, садавіну, гародніну. Вельмі любім прымаць гасцей і частаваць. Лічу, што неабходна зберагчы нашы тадыцыі, гісторыю і навучыць дзяцей жыць і працаваць на роднай зямлі.
А на сцэне ў гэты момант старшыня СВК “Уселюб” М.М. Іванчык уручаў падарункі шматдзетным маці: М.А. Шыркуновай, А.В. Навагран, В.У. Кучук, А.І. Аляхновіч, Н.М. Тарас, М.В. Маліноўскай, І.М. Імайкінай. Амаль паўтара года таму шматдзетнай стала і сям’я Аксаны Вітальеўны і Руслана Сяргеевіча Навагран.
– Дзяцей у нас чацвёра, – падзялілася маладая маці. – Старэйшая Валерыя перайшла ў чацвёрты класс, Аляксею пяць, малодшыя – двайняты Сафія і Мацвей. Ва Уселюбе ёсць усё, каб гадаваць дзяцей: садок, школа, дом культуры. Жывём па-вясковаму – трымаем гаспадарку, разам з мужам працуем жывёлаводамі ў СВК “Уселюб”. Зараз я ў дэкрэтным адпачынку і займаюся выхаваннем дзяцей. У горад нават не хочацца. Людзі ў вёсцы добрыя і шчырыя, умеюць і спяваць, і танцаваць, і працаваць.
Шумела свята ў вёсцы да самага вечара. І нам пашчасціла акунуцца ў атмасферу дабразычлівасці і шчырасці, убачыць, якія таленавітыя і працавітыя людзі жывуць ва Уселюбе, і упэўніцца ў тым, што няма на свеце большага шчасця, чым мір і лад у сям’і і паміж суседзямі.

А . ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.

22_6 IMG_4695   22_4IMG_4697 IMG_4699 IMG_4700 IMG_4702 IMG_4703 IMG_4706 IMG_4707 IMG_4710 IMG_4712 IMG_4714 IMG_4715 IMG_4717 IMG_4719 IMG_4720

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий