Навагрудчане прынялі ўдзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы»

У субботу, 4 верасня, у Шчучыне прайшоў абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», на які з’ехаліся лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны. Удзел прынялі і калектывы з Навагрудчыны.

Наш раён на абласным фестывалі прадстаўлялі: аматарскае аб’яднанне «Суседачкі» Вераб’евіцкага сельскага дома культуры, вакальная група народнага ансамбля песні і танца «Свіцязь», танцавальны калектыў «Сучаснасць» Навагрудскага аграрнага каледжа і кіраўнік народнага аб’яднання майстроў «Каляровая альтанка» Наталля Клімко.

Традыцыйна фестываль ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць і прадстаўляе дасягненні культуры кожнай вёсачкі. З красавіка да чэрвеня ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Смаргонскім і Навагрудскім раёнах праходзілі занальныя агляды-конкурсы абласнога фестывалю, дзе вызначаліся найлепшыя фальклорныя творцы.
Фестываль «Панямоння жыватворныя крыніцы» аб’яднаў людзей самых розных інтарэсаў і ўзростаў у іх гарачым памкненні падзяліцца народнымі скарбамі, прысвячаецца Году народнага адзінства. Сярод ганаровых гасцей – выкладчык этналогіі і мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Козенка, старшыня прафесійнага журы фестывалю.
Фальклорны марафон на фестывалі распачала Дзятлаўшчына. Натхнёна гучалі народныя беларускія песні, паданні, сівыя легенды – цудоўная краса ў кожным слове! Працягнулі бясконцы ланцужок народнай творчасці ваўкавыскія і іўеўскія, свіслацкія і бераставіцкія, навагрудскія і слонімскія захавальнікі духоўных жамчужын.

Больш за 60 канцэртных нумароў уключаў у сябе фестывальны марафон, але і на гэтым не перасталі бруіцца жыватворныя крыніцы Панямоння! Неўзабаве распачалося танцавальнае спаборніцтва «Спадарыня кадрыля», дзе ўслед за «Дэмбраўскай кадрыляй» гарэзліва скакалі котчынскую і масцішчанскую, лукскую кругавую і загорскую…

Сёлета ўпершыню на Беларусі Гродзенская вобласць ажыццявіла ўнікальны праект «ЭтнаБум». З пачатку чэрвеня і канца жніўня паўсюдна па выхадных праходзілі майстар-класы па беларускіх побытавых танцах. Вось і прадэманстравана было тое, чаму навучыліся.
Мерапрыемства ў Шчучыне падарыла гледачам выступленні фальклорных калектываў і выканаўцаў вобласці, гульнёва-забаўляльныя праграмы і майстар-класы па навучанні бытавым танцам. А на выстаўцы-кірмашы майстры народнай творчасці прадэманстравалі тэхналагічны працэс традыцыйных рамёстваў і далі магчымасць гасцям паўдзельнічаць у ім. Самым яскравым эпізодам фестывалю стаў канцэрт з удзелам найлепшых фальклорных калектываў Гродзеншчыны.


Заслужанымі наградамі адзначаны танцавальны калектыў «Сучаснасць» Навагрудскага аграрнага каледжа ( дыплом 3 ступені) і кіраўнік народнага аб’яднання майстроў «Каляровая альтанка», народны майстар выцінанкі Наталля Клімко (Дыплом за лепшае адлюстраванне рэгіянальных традыцый у выстаўцы).
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий