
16 чэрвеня вёска Вераскава Навагрудскага раёна, святкавала свята роднага і мілага куточка «Куточак сэрдцу дарагі». Гэта — адзін з найстарэйшых населеных пунктаў Навагрудчыны. Вёска мае цікавую і непаўторную гісторыю і рэшткі пабудоў, якія захаваліся і выклікаюць вялікую цікавасць сёння у турыстаў. Жывуць у ёй працавітыя і таленавітыя людзі.
Свята атрымалася насычаным і цікавым як для гасцей вёскі, так і для яе жыхароў – ад мала да вяліку.
Пачалося свята з урачыстага шэсця па вёсцы. Падчас кожнага прыпынку ля гасцінных вясковых хат гучалі песні, віншаванні і пажаданні. Шлях да Вераскоўскага клуба госці маглі праехаць на вясковай, прыгожа ўбранай коннай павозцы.
На галоўнай пляцоўцы свята адбывалася культурная праграма, праз якую былі ўзноўлены гістарычныя падзеі з жыцця вёскі, ушанаванне жыхароў, якія пакінулі добры след на гэтай зямлі, і тых, чыімі намаганнямі ладзіцца праца ў розных галінах, ажыццяўляецца сацыяльнае і культурнае развіццё. Па традыцыі адкрыў свята старшыня Любчанскага сельвыканкама Ярмац Іван Мікалаевіч. Ён пажадаў жыхарам вёскі здароўя, пленнай працы і добрага настрою. Падчас мерапрыемства ўзгадалі землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Шмат увагі было нададзена людзям працы сённяшніх дзён. Усе яны былі адзначаны падарункамі, а ўдзельнікі аматарскай творчасці Любчанскага Дома культуры дарылі песні.
Усім вядома — вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці, падрастаюць і канешне гатуюцца да першай ступені свайго жыцця, гэта паступленне у школу. І першым падарункам – набор для першакласніка атрымалі Казец Ягор, Скобля Анастасія і Шайбак Павел.
Больш за 95 гадоў жыцця адзначылі Казак Марыя Мартынаўна, Кіслая Вера Аляксандраўна. 50 год разам ідуць па жыцці Дораш Васілій Аляксандравіч і Галіна Уладзіміраўна. На свяце ўшанавалі самую маладую і шматдзетную сямью Рапавец Андрэя Геннадзьевіча і Софьі Аляксандраўны. Усім ім былі ўручаны падарункі з пажаданнямі здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця.
Музычныя віншаванні дарылі артысты Любчанскага Дома культуры, а гледачы не толькі слухалі песні і шчыра апладыравалі але і вядома ж танцавалі. Ад душы весяліліся у гэты дзень жыхары і госці вёсачкі Вераскава.