Творчасць па-за ўзростам. Народны клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» выступіў з прэм’ерай п’есы «Ну, мужыкі!»

На пенсіі сапраўднае жыццё толькі пачынаецца, асабліва калі чалавек сам зацікаўлены зрабіць штосьці добрае і прынесці карысць іншым. Колькі ж сярод пенсіянераў актыўных і цікавых людзей, якія нават маладых могуць зарадзіць пазітывам і падзяліцца сваімі захапленнямі. У гэтым я асабіста пераканалася, калі ў чарговы раз сустрэлася з таленавітымі і энергічнымі артыстамі, удзельнікамі Народнага аматарскага аб’яднання – клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс».

Тэатр, творчасць, трэці ўзрост – менавіта тры гэтыя ключавыя словы лічаць вызначальнымі для сябе ўдзельнікі народнага клуба «Мудрасць Плюс». Калектыў складаецца з 11 чалавек. Гэта былыя выкладчыкі, бухгалтары, будаўнікі, банкаўскія работнікі, якія зараз на заслужаным адпачынку, але ў якіх шмат творчых здольнасцей.

 

 

 

 

 

Актыўныя ўдзельнікі клуба, тэатралы Наталля Мікалаеўна Свораб-Лупашка, Феафанія Георгіеўна Ждан, Ядвіга Чаславаўна Саракапыт, Аляксандра Аляксандраўна Кур’ян, Тамара Ула­дзіміраўна Флейта, Ганна Уладзіміраўна Віскуб, Барыс Адамавіч Шагідзевіч, Вячаслаў Міхайлавіч Баброўскі, Ірына Міхайлаўна Зубкова, Міхаіл Кір’янавіч Касабукін, Людміла Леанідаўна Шымчонак. Пад кіраўніцтвам Іны Аляксандраўны Гайбы яны змаглі раскрыцца, і сёння не толькі спяваюць, але і ставяць спектаклі, выступаюць не толькі на раённым узроўні, але і за межамі вобласці. Пры гэтым удзельнікі клуба адчуваюць у сабе вялікі патэнцыял – яны могуць і хочуць тварыць, выступаць на сцэне, а для гэтага ў іх дастаткова вольнага часу і энергіі. Творчасць – па-за ўзростам, творчасць – гэта іх жыццё.

 

 

 

 

 

Аматарскае аб’яднанне «Мудрасць Плюс» (ранейшая назва «Элегія») было створана ў 2014 годзе на базе дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна». З 2017 года працягвае сваю дзейнасць пад новай назвай – «Мудрасць Плюс» ДУК «Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Яго стваральнікам, першым і нязменным кіраўніком з’яўляецца Іна Аляксандраўна Гайба.

Упершыню ўдзельнікі клуба змаглі прымераць на сабе тэатральныя ролі ў 2015 годзе, калі выступілі са сваёй першай п’есай, напісанай Кацярынай Бесараб, «Мудрая маладосць». Неаднаразова з гэтай п’есай калектыў выступаў на сцэнах дамоў культуры нашага раёна, а таксама з гэтай пастаноўкай клуб быў запрошаны ў Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава ў Бараўлянах.

 

 

 

 

 

Праз год аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў», дзе быў узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі «Лепшы грамадска-культурны клуб». Неаднаразова навагрудскія тэатралы станавіліся лепшымі ў раёне.

– У 2017 годзе стартаваў арт-праект «Мудрая маладосць», які налічваў 18 маршрутаў па Навагрудчыне. Арт-праект – гэта своеасаблівы гастрольны тур з аднайменнай пастаноўкай «Мудрая маладосць», – расказвае Іна Аляксандраўна Гайба. – Вось тады было вырашана з пастаноўкай пазнаёміць і жыхароў раёна. Мы не стаім на месцы, а развіваемся. У нашым рэпертуары з’явіўся спектакль па п’есе Васіля Ткачова «Жаночы вулей», які вельмі цёпла быў ўспрыняты гледачамі. З гэтай п’есай мы прынялі ўдзел у V абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў» і зноў сталі ўладальнікамі дыплома I ступені. Мы вельмі ўдзячны нашым спонсарам: індывідуальным прадпрымальнікам Наталлі Ясюкевіч, Івану Каштэляну, Аляксандру Жыху, а таксама дырэктару кампаніі «Беліта-Вітэкс-Брэст» Алене Калеснік.

У цяперашні час калектыў працуе над пастаноўкай жартоўнай інсцэніроўкі Галіны Бразюль «Ну, мужыкі!».Творчая атмасфера клуба «Мудрасць Плюс» вабіць удзельнікаў сваёй добразычлівасцю, узаемапавагай, і як вынік гэтага – склад яго не мяняецца.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

– Мы любім наш клуб аматараў тэатра, мы ім жывём. Тэатральная творчасць дапамагае нам пераадолець нясмеласць, няўпэўненасць, узрост, – расказваюць пра свае захапленні кожны па чарзе і ўсе разам удзельнікі клуба. – Мы з задавальненнем вяжам, вышываем, выпякаем унукам пірагі, але здольныя і на большае – выступаць на сцэне. Мы з радасцю прыходзім на рэпетыцыі. У кожнага з нас галоўныя ролі ў спектаклях, мы роўныя на сцэне, а ў жыцці мы сябры, мы адна сям’я, – дадаюць артысты.– У гэтым вялікая заслуга нашага нязменнага кіраўніка Іны Аляксандраўны Гайбы. Яна ў нас і рэжысёр, і касцюмер, і пастаноўшчык, і дэкаратар, ва ўсім мы ёй, канечне, дапамагаем, бо народны клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» – гэта наша любімае дзецішча, без якога сёння не ўяўляем наша жыццё. Ра­зам мы не толькі выступаем, але і адзначаем святы, дні нараджэння. Адзін аднаму, без перабольшання, раім, падказваем ды і ролі ведаем адзін аднаго на памяць.

Самай маладой артыстцы – 60, самаму старэйшаму – 86. Але ўзрост тут не мае значэння. Артысты ўкладаюць у тэатральнае жыццё ўсе свае эмоцыі і багаты жыццёвы вопыт. І нездарма калектыў у мінулым годзе быў удастоены звання народны. У рэпертуары не малыя сцэнкі, а вялікія п’есы і для ўдзелу ў пастаноўках няма ніякіх узроставых абмежаванняў. Усе пастаноўкі толькі на беларускай мове. У творчай дзейнасці клуба няма «антрактаў». У артыстаў шмат цікавых творчых задумак, якія накіраваны на добрыя справы. З часу заснавання і па сённяшні дзень не перастаюць радаваць гледачоў сваёй непаўторнай артыстычнай дзейнасцю аматары тэатра. Вось і 28 лютага народны клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» выступіў у раённым Цэнтр культуры і народнай творчасці з прэм’ерай п’есы «Ну, мужыкі!» Гледачы цёпла віталі артыстаў, а ў завяршэнне доўга апладзіравалі і выказвалі шчырыя словы падзякі прызналіся, што атрымалі вялікі зарад энергіі і пазітыву.

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий