З песняй па жыцці. Народны хор ветэранаў вайны і працы «Радасць» адзначае 30-гадовы юбілей

У вядомага на Навагрудчыне калектыву народнага хору ветэранаў вайны і працы «Радасць» знамянальная дата – 30 гадоў таму яны выйшлі на сцэну. За гэты час хор заваяваў агульнае прызнанне і любоў у землякоў, бо ў сэрцах удзельнікаў хору «Радасць» жыве азарт маладосці і творчая іскра таленту, якімі яны шчыра дзеляцца са сваімі слухачамі. Вось і 29 лістапада ўрачыста адзначаюць свой юбілей святочным канцэртам, да якога з вялікай адказнасцю рыхтаваліся задоўга.

Спяваць у хоры ганарова і адказна

Сваю гісторыю гэты самабытны калектыў адлічвае з 1989 года. Каля вытокаў стварэння стаяла Алена Малчанава, акампаніятарам быў Сямён Новік. З 2000 года мастацкім кіраўніком з’яўляецца Святлана Галушкова, а канцэртмайстрам – Алег Ралло. Менавіта першы кіраўнік калектыву ў 1989 годзе здолела знайсці схільных да музыкі лю­дзей, якія на працягу многіх гадоў працавалі на карысць роднай Навагрудчыны, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак яны сталі артыстамі. За трыццаць гадоў прайшлі сотні рэпетыцый і канцэртаў, выканана мноства песень.

– Зараз у нас у хоры 21 чалавек, – расказвае Святлана Галушкова. – Сярод тых, хто прыйшоў у хор у першыя гады яго стварэння і сёння працягвае спяваць – Валянціна Апанюк, Барыс Шагідзевіч, Ганна Валенцік, Ніна Нікалаеня, Надзея Прахарэвіч, Ірына Гурына, Галіна Мікульчык. Людзі, якія наведваюць хор, вельмі творчыя, ініцыятыўныя, і хоць прафесіі ў іх розныя – тут і педагогі, і медработнікі, і інжынеры, і бухгалтары, – але ўсіх іх аб’яднала любоў да песні, жаданне быць патрэбнымі і дарыць радасць акружаючым. Вось ужо трыццаць гадоў у спякоту і мароз, у дождж і снег, адклаўшы хатнія справы, яны спяшаюцца на рэпетыцыі. Заўсёды на ўздыме і з іскрынкамі радасці ў вачах.

Папулярнасць хору ветэранаў невыпадковая. Хор прываблівае сваіх слухачоў не толькі высокім узроўнем выканаўчага майстэрства, але і паважаным узростам сваіх удзельнікаў – многія з іх ужо перасягнулі не толькі сёмы, але і восьмы дзясятак гадоў.

– Хацелася б адзначыць салістаў нашага хору, – гаворыць Святлана Галушкова. – На сённяшні дзень імі з’яўляюцца В. Апанюк, Б. Шагідзевіч, А. Бажко, Н. Нікалаеня. Акрамя песень, у рэпертуары хору заўсёды і выступленні чытальнікаў Г. Валенцік, А. Бірука. У прыватнасці, хацелася б сказаць самыя цёплыя словы пра Валянціну Еўлампіеўну Апанюк. Нягледзячы на свой узрост – а ёй ужо 84 гады – яна вельмі актыўная, піша вершы і музыку, якія вельмі падабаюцца гледачам.

Рэпертуар хвалюе сэрца

Хор ветэранаў – пастаянны ўдзельнік канцэртных праграм да розных свят. Акрамя таго, хор «Радасць» – пастаянны ўдзельнік абласнога фестывалю «Не старэюць душой ветэраны», і яго выступленні на фестывалі заўсёды адзначаюцца дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Актыўная творчая дзей­насць хору спрыяла таму, што ў 1999 годзе калектыву заслужана было прысвоена званне «народны». Гэтае высокае званне яны з гонарам нясуць і сёння. Адной з вех творчага шляху калектыву было выступленне на XII Рэспуб­ліканскім фестывалі народнай творчасці ветэранскіх калектываў у г. Мінску. У намінацыі «індывідуальнае выкананне» салістка хору В.Я. Апанюк стала лаўрэатам фестывалю, прадставіўшы аўтарскую песню «Франтавая гармонь».

У рэпертуары песні пра Радзіму, пра родны край, народныя песні, лірычныя і вясёлыя, пра каханне, песні ваенных гадоў, рамансы. Да кожнага канцэрта яны скрупулёзна падбіраюць песні.

Традыцыі захавалі праз гады

Вядома, за гады існавання народнага хору ветэранаў вайны і працы зарадзіліся свае традыцыі, якія яны захоўваюць і сёння. Ветэраны разам арганізоўваюць і адзначаюць дні нараджэння, многія іншыя святочныя даты. Калектыў падтрымлівае трывалыя творчыя сувязі з ветэранскімі хорамі іншых раёнаў вобласці, падчас сяброўскіх сустрэч праводзіцца абмен вопытам, ладзяцца сумесныя канцэрты. Разам выступаюць і разам адпачываюць, разам наведваюць і рэтра-дыскатэкі.

Пра сваё захапленне музыкай, песнямі расказваюць удзельнікі хору.

Валянціна Апанюк:

– Прыйшла ў раённы дом культуры па зову сэрца яшчэ ў 1963 годзе, таму што песню люблю з дзяцінства. І ў хоры з першых дзён яго арганізацыі. Хор – гэта мая радасць, маё жыццё. Хочацца ўзгадаць нашых першых удзельнікаў і ініцыятараў стварэння калектыву. Гэта А.М. Сіняўскі, М.С. Грынь, К.М. Недабольскі, які нават з Ацмінава прыязджаў у горад на канцэрты і рэпетыцыі. З Карнышоў была А.А. Цімашэнка, з Валеўкі прыязджалі І.І. Санько, М.І. Дзегель і многія іншыя. На жаль, штогод нашы рады радзеюць, але прыходзяць маладыя ўдзельнікі калектыву, якім мы заўсёды рады.

Барыс Шагідзевіч і Аляксандр Бірук:

– У хоры мы ўжо больш за дваццаць гадоў – прыйшлі дзякуючы запрашэнню А.М. Сіняўскага. А кіраўніком калектыву быў А.Г. Круглікаў, пазней С.С. Новік, В.А. Маляўская, апошнія гады наш нязменны кіраўнік С.У. Галушкова. Хор – гэта наша другая сям’я. Удзел у хоры дае зарад бадзёрасці, яркія эмоцыі, здароўе, нават не проста здароўе, а жыццё. Мы калектыў аднадумцаў, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем, калі ёсць патрэба. «Хто шмат спявае, той доўга жыве!» – дэвіз нашага дружнага калектыву. На кожную рэпетыцыю ідзём як на свята, з задавальненнем.

Ганна Барысава:

– Я прыйшла ў хор сёлета дзякуючы Ганне Сцяпанаўне Валенцік, пастаяннай удзельніцы з 2001 года. З Ганнай Сцяпанаўнай пазнаёміліся на мерапрыемстве ў гістарычна-краязнаўчым музеі, і яна запрасіла мяне ў хор. Я жыла шмат гадоў у Комі АССР, затым у Маскве, але з часам вырашыла вярнуцца на сваю малую радзіму. Я вельмі рада, што трапіла ў хор і зараз нясу лю­дзям радасць, пазітыў.

Падабаецца працаваць з хорам і яго кіраўніку Святлане Галушковай:

– Шчыра прызнацца, мне было страшнавата пачынаць работу з хорам ветэранаў. Я думала: ці змагу знайсці падыход да пажылых людзей? Аднак ужо дваццаць гадоў мы разам. За гэты час сталі адной сям’ёй. Я ў захапленні ад гэтых людзей – нягледзячы на ўзрост, яны маладыя душой і свой пазітыў дораць слухачам.

Ветэраны, якія спяваюць у хоры, адчуваюць сябе патрэбнымі і запатрабаванымі людзьмі. Хор для іх – гэта актыўнае жыццё, лад жыцця, без песні яны не ўяў­ляюць сябе. Вялікі гонар і радасць ад таго, што ў нас у горадзе ёсць такі ўнікальны калектыў. Хочацца ад усёй душы пажадаць ім даўгалецця, здароўя, аптымізму і новых творчых поспехаў!

Вольга Пісар, «НЖ»

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий