Захавальніца cпадчыны. У Цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук» да 90-годдзя з дня нараджэння Ніны Шурак

10 верасня бягучага года споўнілася б 90 гадоў энтузіясту, творчай асобе, цікаваму і шчыраму чалавеку, захавальніцы традыцыйнай спадчыны Навагрудчыны Ніне Шурак. У Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук», прымеркаваны да юбілею Ніны Пятроўны.


Успомніць пра тое, якой была захавальніца спадчыны, перагартаць старонкі яго жыцця, творчасці прыйшлі ў Цэнтр рамёстваў члены народнага аматарскага калектыву майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”, навагрудчане.

– Дзякуючы Ніне Пятроўне Шурак, на Навагрудчыне былі адноўлены і захаваліся традыцыі вырэзвання з паперы (выцінанкі-выбіванкі), якой сёння нададзены статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Навагрудскага раёна, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, – расказала прадаўжальнікам справы, носьбіт традыцый вырабу выцінанкі-выбіванкі, народны майстар Наталля Клімко. – Мне пашчасціла быць знаёмай з Нінай Пятроўнай. Дзякуючы ёй з часам я сама пачала займацца выцінанкай-выбіванкай.

 

 

 

 

 

Шмат добрых слоў, успамінаў гучала ў гэты дзень пра Ніну Пятроўну, ураджэнку вёскі Мілушава. Яе захапленне этнаграфічнай творчасцю пачалося ў 80-х гадах. У той час Ніна Пятроўна была старшынёй ініцыятыўнай групы па стварэнні ў Навагрудку гістарычна-краязнаўчага музея, а пасля яго адкрыцця працавала галоўным захавальнікам фондаў.

 

 

 

 

Было сабрана больш як тры тысячы экспанатаў.  Ніна Пятроўна пабывала ў 220 вёсках, дзесяткі вёсак абышла пешшу. Творчую душу жанчыны заўсёды вабілі розныя віды народнага  мастацтва: ткацтва, вышыўка рушнікоў, выцінанка. А вось пераймаць вопыт і вучыцца было ў каго. У даваенны час, з-за адсутнасці матэрыялаў, а часта і фінансавых сродкаў у сям’і з паперы рабілі фіранкі, упрыгожанні на абразы, на покут. Гэтыя навыкі спатрэбіліся Ніне Шурак падчас стварэння кутка сялянскай хаты ў музеі. Працоўным інструментам майстрыхі з’яўляўся шырокарасплюшчаны цвік, малаток і дубовая дошка. Так адрадзілася ўнікальная тэхніка  выцінанкі, якой ў 2014 годзе быў нададзены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны «Навагрудская выцінанка-выбіванка».

 

 

 

 

Акрамя выцінанкі майстрыха вышывала двухбакавой гладдзю прыгожыя ручнікі, узоры да якіх малявала сама. З 2002 года Н.П. Шурак цесна супрацоўнічала з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў, прымала ўдзел у шматлікіх выстаўках. У 2004 годзе была узнагароджана Дыпломам за выдатныя поспехі ў захаванні і развіцці рамёстваў у II абласным конкурсе-паказе абрадаў і святаў у г. Гродна. Ніна Пятроўна Лаўрэат II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва “Жывая крыніца” (2006г), прызёр Рэспубліканскага кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”(2007 г). Яе работы знаходзяцца ў фондах Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах. На жаль, у 2009 годзе майстрыхі Ніны Шурак не стала.

Дзякуючы Ніне Пятроўне традыцыя выразання з паперы “Навагрудская выцінанка-выбіванка” захавалася і стала вядомай далёка за межамі Навагрудчыны. За вялікі ўклад у стварэнне Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Ніна Пятроўна Шурак занесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна. А для  супрацоўнікаў Навагрудскага цэнтра рамёстваў яна самы  Народны майстар Навагрудчыны, які вучыў іх працаваць добрасумленна, любіць сваю Радзіму і рабіць справу на выдатна.

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий